2015-07-22 15:19:00

Папа наведаў ватыканскі саміт мэраў мегаполісаў


Святы Айцец наведаў 21 ліпеня 2015 г. вечарам у ватыканскай сінадальнай зале спатканне, прысвечанае зменам клімату і сучаснаму рабству, на якое сабраліся мэры самых буйных сусветных мегаполісаў. “Культура клопату аб навакольным асяроддзі”, гэта не толькі акрэсленая пастава, але нашмат больш, сказаў Францішак, гэта занепакоеннасць экалогіяй чалавека. Ён спаслаўся на сваю новую энцыкліку “Laudato si’” і адзначыў, што няправільна называць яе “зялёнай” энцыклікай. На самой справе, гэта дакумент сацыяльны, таму што грамадства не можа грэбаваць экалогіяй.

Пантыфік заклікаў кіраўнікоў адміністрацый гарадоў адмовіцца ад “ідалапаклонства тэхнакратыі”, якая знішчае годнасць працы і вядзе да беспрацоўя, асабліва сярод моладзі. І гэта, у сваю чаргу, звязана са стратай сэнсу жыцця і надзеі. Гегемонія тэхнакратыі вядзе да безадказнага карыстання рэсурсамі Зямлі і апустыньвання тэрыторый. Здароўе людзей пастаўлена пад пагрозу праз празмернае выкарыстанне хімічных сродкаў падчас вытворчасці прадуктаў харчавання.

Святы Айцец выказаў надзею, што на Парыжскім саміце восенню 2015 г. будзе дасягнута фундаментальнае і сур’ёзнае пагадненне, якое стане імпульсам для вырашэння глабальных пытанняў, звязаных з экалогіяй планеты і чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.