2015-07-22 14:28:00

Кліматычная дэкларацыя падпісана ў Ватыкане


21 ліпеня 2015 г. у Ватыкане мэры найбуйнейшых гарадоў свету падпісалі сумесную дэкларацыю з абавязацельствамі істотна паменшыць забруджванне планеты, палепшыць клопат аб бедных і іх экалагічным здароўі. Папа Францішак таксама пакінуў свой подпіс пад дакументам, дадаўшы, што падзяляе яго змест.

Кліматычныя змены, выкліканыя чалавекам – гэта навуковы факт, а іх рашучае стрымліванне, з’яўляецца маральным імператывам для чалавецтва, гаворыцца ў тэксце дэкларацыі. 

Бедныя і маргіналізаваныя найменш уздзейнічаюць на клімат, аднак, найбольш пакутуюць ад жудасных наступстваў яго змены: засух, разбуральных ураганаў, спякоты і павышэння ўзроўня мора. Чалавецтва “мае ў сваім распараджэнні тэхналагічныя веды і фінансавыя сродкі”, каб спыніць кліматычныя змены. Неабходна задзейнічаць энергетычныя сістэмы з малым выкідам вугляроду і карыстацца падтрымкай інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, адзначаецца ў дакуменце.

Аўтары дэкларацыі заклікалі скіраваць на праекты ўстойлівага развіцця фінансавыя сродкі, якія зараз вылучаюцца на вайсковыя патрэбы. Кліматычную канферэнцыю, якая хутка адбудзецца ў Парыжы, яны назвалі апошняй магчымасцю, каб дамовіцца аб стрыманні глабальнага пацяплення прынамсі на ўзроўні 2 градусаў. Калі гэтага не адбудзецца, пацяпленне дасягне ці перавысіць 4 градусы, што прывядзе на катастрафічных наступстваў. Багатыя краіны павінны дапамагаць бедным у стрымліванні кліматычных змен, адзначаецца ў дакуменце.

Змены клімату патрабуюць хуткага пераходу да карыстання аднаўляльнай эгергіяй і памяньшэння выкідаў вугляроду, а таксама ўстойлівага кіравання экасістэмамі. Адначасова неабходна пашырыць барацьбу з беднасцю, забяспечыць паўсюдны доступ да медыцынскай дапамогі, якаснай адукацыі, пітной вады, устойлівай энергіі, а таксама супрацоўнічаць у сферы барацьбы з гандлем людзьмі, сучасным рабствам і прычынамі, якія спрыяюць гэтым феноменам.

Дэкларацыя была падпісана ў рамках канферэнцыі на тэму ўстойлівага развіцця і абароны навакольнага асяроддзя, якая прайшла ў Ватыкане 21-22 ліепня 2015. У форуме прынялі ўдзел мэры 60 найбуйнейшых гарадоў свету, у тым ліку прадстаўнікі Альянсу вугляродна-нейтральных гарадоў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.