2015-07-21 13:00:00

Сакратар Бэнэдыкта XVI аб выкліках будучага Сінода


Сваімі думкамі аб магчымасці прыняцця св. Камуніі разведзенымі асобамі, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, падзяліўся прэфект Папскага дома і асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн. Паводле ватыканскага іерарха нямецкага паходжання, падобныя прапановы немагчымыя. “Пастыр не павінен прымаць рашэнне на падстве апладысментаў або іх адсутнасці з боку СМІ. Мерай з’яўляецца Евангелле, вера і здаровая дактрына, традыцыя”, - сказаў ён і дадаў, што некаторыя святары ў дадзеным пытанні паддаюцца ўплыву свету і медыя.

Арцыбіскуп Генсвайн нагадаў, што вывучэннем пытання аб св. Камуніі для разведзеных на працягу доўгага часу займаўся св. Ян Павел ІІ, пасля чаго вырашыў, што гэта немагчыма. “Сёння мы не можам ігнараваць яго навучання і змяняць рэчы”, - сказаў прэфект Папскага дома ў інтэрв’ю агенцтву “Zenit”.

На думку іерарха, адным з выклікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку 2015 г., будуць сітуацыі разведзеных асоб, якія жывуць у новых саюзах. Арцыбіскуп Генсвайн падкрэсліў, што будуць абмяркоўвацца магчымасці дапамогі ім. “Важна стаць бліжэй да іх, стварыць кантакт з імі і захоўваць яго, таму што яны з’яўляюцца членамі Касцёла, як і ўсе іншыя, яны не выключаны і тым больш не экскамунікаваныя”, - нагадаў ён. 

У той жа час, неабходна шчырасць, як з боку Касцёла, так і з боку вернікаў, якія жывуць у падобных сітуацыях. Гэта праблема павінна быць вырашана ў пазітыўным ключы, але і ў святле каталіцкага навучання, перакананы арцыбіскуп Генсвайн.  








All the contents on this site are copyrighted ©.