2015-07-21 13:42:00

Германія: 200 тыс. сыходаў з Касцёла ў 2014 годзе


Больш за 200 тыс. жыхароў Германіі перасталі быць членамі Каталіцкага Касцёла ў 2014 г. Зніжэнне колькасці католікаў у краіне працягваецца, паведамілі ў мясцовай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. У 2013 г. заявілі аб сваёй адмове лічыцца вернікамі каталіцкай супольнасці 178 805 грамадзян Германіі, а ў 2014 г. гэта лічба вырасла на 22%, да 217 716, паказвае афіцыйная статыстыка, апублікаваная нямецкім епіскапатам.

Колькасць новых вернікаў Каталіцкага Касцёла несувымерна меншая – толькі 2 809 чалавек афіцыйна сталі католікамі ў 2014 г. Яшчэ 6 314 немцы заявілі аб так званай “рэадмісіі” – вяртанні ў супольнасць Касцёла.

Адной з прычын выхаду з Касцёла з’яўляецца плата “касцёльнага падатку”, лічаць нямецкія біскупы. Незадаволеныя гэтай неабходнасцю католікі афіцыйна афармляюць свой выхад з супольнасці, а не проста перастаюць удзельнічаць у яе жыцці.

Варта адзначыць, што толькі траціна нямецкіх католікаў плаціць “касцёльны падатак”. Тым не менш, гэта па-ранейшаму сур’ёзная сума – у 2013 г. яна складала 6,5 млрд еўра.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі, кардынал Рэйнхард Маркс выказаў “глыбокае шкадаванне” у сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў сыходу з Касцёла, але адзначыў, што біскупы паважаюць свабоду выбару кожнага і заклікаў немцаў працягваць абвяшчаць Евангелле ў сваіх супольнасцях.








All the contents on this site are copyrighted ©.