2015-07-18 14:11:00

Старшыня “Caritas” пра глабальны рахунак сумлення


“У некаторых частках свету дзеці нараджаюцца і растуць, а дарослыя да канца сваіх дзён жывуць і працуюць сярод таксічных адходаў, якія ўтвараюцца і выкідваюцца іншымі. У іншых месцах людзі балансуюць на тонкай нітцы сярод паводак, засух і сур’ёзных актаў несправядлівасці. Іх жыццё з самага пачатку знаходзіцца ў небяспецы. Гэта не адпавядае планам Бога для чалавецтва і Зямлі. Чым хутчэй жыццё ідзе наперад, тым больш мы спажываем і марнуем, тым больш мы аддаляемся ад Бога і бедных”. Так сітуацыю чалавецтва апісаў кардынал Луіс Антоніа Тагле ў лісце да членаў “Caritas” ва ўсім свеце.

Філіпінскі кардынал, які з мая 2015 г. з’яўляецца старшынёй каталіцкай асацыяцыі “Caritas Internationalis”, нагадаў пасланне апошняй энцыклікі Папы „Laudato si’” аб неабходнасці “экалагічнага навяртання”. Ён прапануе гэта ў якасці задачы для ўсёй сям’і “Caritas”, якая ахоплівае каталіцкія дабрачынныя арганізацыі ва ўсіх частках свету.

Кардынал Тагле нагадаў, што энцыкліка запрашае нас адпрэчыць стаўленне спажывання, прагнасці і марнатраўства, замяніўшы яго на адданасць, шчодрасць і сумеснае выкарыстанне. Мы пакліканы вызваліць сябе ад таго, што з’яўляецца залішнім, і ўступіць у дыялог з усёй чалавечай сям’ёй. Гэта патрабуе “глабальнага рахунку сумлення”, каб прызнаць памылкі і быць гатовымі іх выправіць. Мы павінны адкрыць для сябе, што наша чалавечае пакліканне – быць захавальнікамі, а не ўладальнікамі стварэння.

Новы старшыня “Caritas Internationalis” прызнае, што ў арганізацыі існуе актыўная сіла любові ў разгар глабальнага экалагічнага крызісу. Працаўнікі ствараюць повязі салідарнасці з людзьмі, якія жывуць “на грудах смецця” і ўмацоўваюць годнасць бедных. Усе ўдзельнікі дабрачыннай дзейнасці Касцёла павінны развіваць “экалагічную рэвалюцыю”, да якой заахвочвае папа Францішак. Тады любоў Бога ператварыць “глабальнае пацяпленне” ў “глабальнае пацяпленне нашых сэрц для бедных”, - напісаў кардынал Тагле.








All the contents on this site are copyrighted ©.