2015-07-18 11:42:00

Папа заклікаў да змен у горназдабыўнай сферы


Неабходнасць “радыкальных змен” у межах прадпрыемстваў і горназдабыўных кампаній падкрэсліў Францішак ў пасланні ўдзельнікам сустрэчы “Дзень роздуму – аб’яднаныя ў Богу пачуем крык”, якая праходзіць у Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме. Форум арганізавала Папская рада „Iustitia et Pax” у супрацоўніцтве з 30 суполкамі з Афрыкі, Азіі і Амерыкі.

У пасланні, адпраўленым на імя старшыні ватыканскай дыкастэрыі, кардынала Пітэра Тарксана, Святы Айцец адзначыў, што ён падзяляе заклапочанасць і занепакоенасць тых суполак, якія пацярпелі ў выніку дзейнасці буйных горназдабыўных кампаній. Ён падкрэсліў сваё жаданне, каб “быў пачуты крык многіх людзей, сем’яў і супольнасцяў, якія прама ці ўскосна пакутуюць з-за вельмі часта негатыўных наступстваў дзейнасці гэтых кампаній”.
 
Па словах Папы, гэта “крык па страчаных землях, знішчаных рэсурсах Зямлі, якія, як гэта ні парадаксальна, не вырабляюць багацця для мясцовага насельніцтва, якое па-ранейшаму беднае, крык болю ў адказ на гвалт, пагрозы і карупцыю, крык па прычыне пагарды і аб дапамозе ў абліччы парушэння правоў чалавека”. Гэта ўплывае “гучна ці маўкліва” на тое, што тычыцца здароўя насельніцтва, умоў працы, часам зняволення і гандлю людзьмі, што з’яўляецца пажыўным асяроддзем для трагічнай з’явы прастытуцыі.

Гаворка ідзе таксама аб крыку смутку і бездапаможнасці перад тварам забруджвання вады, паветра і зямлі, крыку неразумення з-за адсутнасці інтэграцыі ў грамадства і адсутнасці падтрымкі з боку грамадзянскіх уладаў, мясцовых і нацыянальных, якія маюць асноўны абавязак садзейнічаць агульнаму дабру, падкрэсліў Папа.

Ён адзначыў, што рэсурсы Зямлі з’яўляюцца каштоўным дарам Бога, які чалавецтва выкарыстоўвае тысячы гадоў. Яны маюць фундаментальнае значэнне для многіх абласцей жыцця і дзейнасці чалавека. Ён нагадаў заклік сваёй апошняй энцыклікі „Laudato si” да супрацоўніцтва дзеля нашага агульнага дома, супрацьпастаўляючы гэта драматычным наступствам знішчэння навакольнага асяроддзя для бедных і выключаных, і да пошуку развіцця цэласнага і ўстойлівага.

Францішак заклікаў горназдабыўны сектар да “радыкальнай змены парадыгмы для паляпшэння сітуацыі ў многіх краінах”. У гэта могуць ўнесці свой уклад, па яго словах, кіраўніцтва краін, з якіх паходзяць і дзе дзейнічаюць міжнародныя кампаніі, прадпрымальнікі і інвестары, работнікі і іх прадстаўнікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.