2015-07-17 11:29:00

Пантыфік напісаў ліст да “салезіянскай сям’і”


Папа заклікаў духоўных сыноў і дачок св. Яна Боска наследаваць заснавальніка ў адданасці моладзі. У рамках святкавання двухсотгоддзя з дня нараджэння святога, якое прыпадае на 16 жніўня 2015 г., Святы Айцец накіраваў ліст на імя генеральнага настаяцеля кангрэгацыі салезіянаў, кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ. Тым не менш, ён падкрэсліў, што кіруе сваё пасланне да ўсёй “салезіянскай сям’і”. Папскі ліст датаваны 24 чэрвеня, урачыстасцю Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, калі кс. Ян Боска святкаваў свае імяніны.

Францішак падкрэсліў вялікую актуальнасць святога як “педагога і душпастыра моладзі, які адкрыў шлях святасці маладых і даў адукацыйны метад для сучаснасці”. Папа нагадаў, што, нягледзячы на змены, якія адбыліся за апошнія 200 гадоў у Італіі і па ўсёй Еўропе, праблемы маладых людзей засталіся тымі ж. Выклікі, з якімі сутыкнуўся заснавальнік салезіянаў у Турыне XIX стагоддзя, такімі як ідалапаклонніцкі культ грошай, сёння існуюць ужо ў глабальным вымярэнні. Не баючыся праблем моладзі, асабліва беднай, кс. Боска стварыў “прэвентыўную сістэму адукацыі”, якая палягае не на пакаранні злачынстваў, але на іх прадухіленні праз пастаянны выхаваўчы клопат. Гэта педагогіка сапраўды чалавечая і хрысціянская, адзначыў папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў “салезіянскай сям’і” пра дзве адукацыйныя задачы, асабліва актуальныя ў наш час. Па-першае, гаворка ідзе пра згоднае з хрысціянскай антрапалогіяй выхаванне да выкарыстання новых сродкаў камунікацыі і сацыяльных медыя. Другая задача заключаецца ў развіцці сацыяльнага валантарыяту, не саступаючы ідэалогіям, якія ставяць рынак і вытворчасць вышэй за годнасць і каштоўнасць працы. Папа таксама падкрэсліў важнасць адукацыйнага значэння душпастырства сем’яў і паглыбленага рэлігійнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.