2015-07-17 14:37:00

Ватыканскі геліпорт дапаможа ратаваць дзіцячыя жыцці


Ватыканскі геліпорт будзе выкарыстоўвацца для ратавання дзіцячых жыццяў. 17 ліпеня 2015 г. была абнародавана інфармацыя аб падпісанні пагаднення паміж Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан і рымскім педыятрычным шпіталём “Дзіцятка Езуса” (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù) аб выкарыстанні ў медыцынскіх мэтах верталётнай пляцоўкі, размешчанай у Ватыканскіх садах. Дамова, падпісаная кіраўніцтвам двух устаноў, былы зацверджана Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам Пьетра Паралінам.

Губернатарат выказаў згоду на кругласутачныя пасадку і ўзлёт верталётаў і перасоўванне ў межах Дзяржавы Ватыкан машын хуткай дапамогі ў сур’ёзных і надзвычайных сітуацыях пагрозы жыццю дзяцей або ў выпадках, звязаных з перасадкай органаў. Такім чынам, Ватыканскі геліпорт будзе ўключаны ў рэгіянальную сетку кіравання ў надзвычайных сітуацыях. 

Даведаўшыся пра гэта, папа Францішак выказаў сваё задавальненне і падтрымку пагадненню, якое будзе служыць вялікай дапамогай дзецям, гаворыцца ў спецыяльнай заяве, распаўсюджанай 17 ліпеня 2015 г. у Ватыкане.

Прэзідэнт педыятрычнага шпіталя “Дзіцятка Езуса” Марыэла Энок выказала ўдзячнасць Святому Пасаду, Дзяржаўнаму сакратарыяту і Губернатарату за магчымасць, дадзеную медыцынскай установе, хутка дастаўляць малых пацыентаў з тэрыторыі ўсёй Італіі. “Гэта важны жэст дабрачыннасці, які з’яўляецца рэакцыяй на фундаментальныя патрэбы здароўя”, - адзначыла прэзідэнт і дадала, што гэта пагадненне выратуе жыцці многіх дзяцей.

Шпіталь “Дзіцятка Езуса” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей у Рыме. Гэта была першая дзіцячая клініка ў Італіі. У 1924 г. яна была перададзена пад кіраванне Святога Пасаду і ў цяперашні час знаходзіцца пад асабістым патранатам Папы. Бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.








All the contents on this site are copyrighted ©.