2015-07-16 12:15:00

Касцёльныя асяроддзі пра іранскае пагадненне


Нацыянальны дырэктар Папскіх місійных ініцыятыў у Іране, кс. Хармос Аслані Бабрудзі павітаў навіну аб падпісанні ў Вене пагаднення па ядзернай праграме ў сваёй краіне. “Гэта, вядома, пазітыўны крок для нашай краіны і для ўсяго свету”, - сказаў халдэйскі святар у інтэрв’ю каталіцкаму агенцтву “Fides”. Задавальненне з дасягнутага пагаднення выказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё таксама арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе.

“Я б не хацеў судзіць аб палітычных пытаннях, таму што гэта не мая праца”, - сказаў айцец Бабрудзі. “Але ў Іране многія людзі чакалі з вялікімі надзеямі такога выніку. Акрамя таго, многія хрысціяне ў краіне радуюцца, што іх малітвы былі пачутыя”, - сказаў іранскі святар. “Мы ўсе, у тым ліку і хрысціяне, шчаслівыя, што гэта пагадненне было падпісана, таму што мы не чужаземцы, а людзі, якія ганарацца тым, што яны іранцы”, - сказаў дырэктар Папскіх місійных ініцыятыў.

Святы Пасад выказаў задавальненне ў сувязі з пагадненнем, дасягнутым з Іранам праз ЗША, Расію, Кітай, Вялікабрытанію, Францыю і Германію, ужо ўдзень яго падпісання, 14 ліпеня 2015 г. Кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі заявіў, што гэта “важны вынік”. У той жа час ён заклікаў да далейшых намаганняў, каб пагадненне прынесла плёны.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Тамазі заявіў, што Святы Пасад спадзяецца, што змест пагаднення паслужыць у якасці асновы для далейшых дзеянняў адносна Ірана. “Мы не павінны забывацца, што ў свеце цяпер шмат месц канфліктаў. Такім чынам, пасля дасягнутай дамоўленасці мы можам спадзявацца на дыпламатыю, якая нам даказала, што праз спакой і церпялівасць можна зайсці далёка і шмат чаго асягнуць”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі і дадаў – “аказалася, што дыялог перамог гвалт”.








All the contents on this site are copyrighted ©.