2015-07-15 11:27:00

Бэнэдыкт XVI вярнуўся ў Ватыкан


Скончыўся летні адпачынак Бэнэдыкта XVI у Кастэль Гандольфа. Пасля двух тыдняў, праведзеных у летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў, Папа на пенсіі 14 ліпеня  2015 г. вярнуўся ў Ватыкан. За гэты выключны візіт ад імя жыхароў яму падзякавала мэр горада. Мільвія Манакэзі выказала вялікае задавальненне ад таго, што Бэнэдыкт XVI пажадаў прыехаць зноў і паабяцала ад імя мясцовага насельніцтва малітоўную памяць аб ім.

Са свайго боку таксама Папа на пенсіі падзякаваў жыхарам за цёплы прыём. “На працягу гэтых двух тыдняў я адчуў прыгажосць прыроды Кастэль Гандольфа, якая выражаецца ў гармоніі паміж возерам, горамі і гасціннасцю жыхароў гэтага невялікага гарадка”, - сказаў Бэнэдыкт XVI у сваёй падзяцы на імя мэра. Ён прызнаўся, што адчуў у гэтыя дні маўклівую сімпатыю жыхароў Кастэль Гандольфа, пажадаў ім усяго добрага і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.

Падчас знаходжання ў летняй рэзідэнцыі, 4 ліпеня 2015 г. Бэнэдыкт XVI атрымаў ганаровы дактарат двух вышэйшых навучальных устаноў польскага Кракава: Папскага ўніверсітэта Яна Паўла II і Акадэміі музыкі.  








All the contents on this site are copyrighted ©.