2015-07-15 10:21:00

Беларусь: кінафорум “Magnificat” б’е ўласныя рэкорды


Міжнародны каталіцкі кінафестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat” рыхтуецца пабіць уласны рэкорд. У гэтым годзе на кінафорум адабраны 50 дакументальных стужак і тэлеперадач. Такой колькасці конкурсных прац за ўсю гісторыю фестываля ў праграме яшчэ ніколі не значылася. Тым больш, што дасланых заявак было нашмат больш, таму аргкамітэту ўжо на этапе падрыхтоўкі фестывалю прыйшлося няпроста: трэба было выбіраць годных сярод роўных. 

Але для тых аўтараў, хто не прайшоў на “Magnificat-2015”, вялікі шанец удзелу ў кінематаграфічным свяце ўсё ж такі застаўся, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня кінафоруму Юрый Гарулёў. “Была цяжкая праца па адборы прац на конкурс фестывалю. Але мы пакінулі такі шанец, і гэта новая частка нашай працы: мы адкладваем працы моцныя, якія не ўвайшлі ў конкурс сёлета, і яны, магчыма нават без прагляду, будуць уключаны ў праграму наступнага фестывалю. Такія працы ёсць”, - сказаў беларускі дакументаліст.

Значнае ўзбагачэнне фестывальнай афішы адбылося пасля пашырэння глядацкай аўдыторыі. У мінулым годзе ўпершыню фестываль выйшаў за рамкі кіназалаў і пайшоў, як кажуць, у народ. Паралельна з праглядамі ў Глыбокім аўтары паказвалі свае фільмы на прадпрыемтвах, у вёсках і пасёлках раёна, а значыць, ацаніць кіно змагла нашмат больш шырокая аўдыторыя. 

Традыцыя будзе працягнута і сёлета. Тым больш, што рэжысёрам ёсць, аб чым распавесці, цікавасць да хрысціянскага кінематографа з года ў год расце, а пытанні, якія ўзнімаюць аўтары – па-за часам, узростам і сацыяльным статусам, паведаміў Юрый Гарулёў. “Гэта фільмы пра хрысціянства і пра шлях чалавека да Бога. Нельга сказаць, што раней менш аб гэтых пытаннях казалі, а зараз больш. Кожная праца, якая ўдзельнічае ў конкурсе, менавіта пра гэта. Але трэба сказаць, што з кожным годам мы бачым больш прафесійныя працы. Гэта не значыць, што ўзровень расце дзякуючы нашаму фестывалю. Проста фестываль ужо стаў знакамітым, і пра нас ведаюць моцныя рэжысёры, якія і прыязджаюць сюды”, - выказаў думку старшыня кінафорума. 

А ў гэтым годзе ў беларускай сталіцы чакаюць прадстаўнікоў 17 краін. Сярод якіх ёсць і дэбютантка – Аўстрыя. Ад дакументальных стужак да мультыплікацыі, ад робячых першыя крокі ў хрысціянскім кіно аўтараў да знакамітых рэжысёраў з імем у гэтай сферы (напрыклад, традыцыйны удзельнік Галіна Адамовіч з Беларусі прадставіць фільм пра двух праваслаўных святароў) – кожны знойдзе для сябе кіно для душы і пра душу, упэўнены Юрый Гарулёў. І пляцоўку, дзе можна далучыцца да найважнейшага з мастацтваў: ці гэта Мінск, дзе традыцыйна адкрыецца фестываль, ці Глыбокае, дзе пройдуць конкурсныя прагляды, ці яшчэ мястэчкі Удзела, Івесь і ў гэтым годзе – Задарожжа.  “Задарожжа ў нас з’явілася як месца, якое таксама закранае фестываль. У гэтым годзе там пройдзе майстерня для дзяцей па мультыплікацыі. На яе правядзенне дала згоду знакаміты польскі аніматар Яна Поляк, яна некалькі разоў з’яўлялася лаурэатам нашага фестывалю. Мы будзем прапанаваць кіраўніцтву Глыбокскага раёна, каб у Задарожжы таксама прайшлі прагляды некалькіх конкурсных прац. Такім чынам, і колькасць пляцовак фестываля павялічваецца”, - паведаміў Юрый Гарулёў.    

XI-ты “дубль” кінафестываля “Magnificat” прагучыць 30 жніўня 2015 г. Форум працягнецца да 3 верасня. Але ў аргкамітэце спадзяюцца, што пяццю днямі ён не абмяжуецца. Рэха фестывалю ўжо гучыць не першы год, але не так моцна, як хацелася б. Тут чакаюць больш актыўнага запрашэння, напрыклад, ад парафій, паказаць хрысціянскае кіно па-за межамі непасрэдна кінафорума. 

Пакуль жа журы рыхтуецца да складанай працы, усё ж трэба будзе вызначыць сярод канкурсантаў пераможцаў, а ўдзельнікі і госці – да свята, дзе няма суперніцтва і закулісных інтрыг, а ёсць адзінае жаданне паведаміць свету і людзям пра Бога, веру, хрысціянства і адзіны погляд на вечныя тэмы – праз аб’ектыў кінакамеры. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.