2015-07-14 13:47:00

Пазітыўнае рэха папскага падарожжа


Лацінаамерыканскія СМІ станоўча падсумоўваюць васьмідзённы візіт Францішка ў Паўднёвую Амерыку 5-12 ліпеня 2015 г., падчас якога ён наведаў Эквадор, Балівію і Парагвай. Папа з Аргентыны пакінуў у рэгіёне “моцны след” і “важныя пасланні”, - такое меркаванне пераважае ў большасці каментароў лацінаамерыканскіх медыя. Штодзённая парагвайская газета “Ultima Hora” напісала: “Папа Францішак пасля трох дзён, якія нагадвалі марафон, развітаўся з нашай краінай. Яго знаходжанне выліла на парагвайскі народ бальзам надзеі і радасці. Ён пакінуў надзвычайныя заявы, якія застануцца ў памяці і якія будуць вяртацца”.

У Аргентыне, на радзіме Пантыфіка, большасць газет апублікавалі фота-галерэю з кароткай сустрэчы Францішка з Прэзідэнтам краіны Крысцінай Фернандэс дэ Кіршнэр падчас нядзельнай св. Імшы ў Асунсьён. У аргентынскіх медыя пераважаюць крытычныя выказванні Папы адносна розных з’яў. Газета “Clarin” каментуе: “Францішак завяршыў паўднёваамерыканскае падарожжа і патрабуе ад католікаў большай салідарнасці”. У сваю чаргу, газета „La Nacion” піша: “Падарожжа, якое завяршылася ў Асунсьён, яшчэ раз наглядна прадэманстравала, чаму Папа абраў імя Францішак”.

Балівійская „El Deber“ падкрэслівае палітычны аспект папскага вучэння: “Візіт, які быў адзначаны моцным сацыяльным заклікам”.

Эквадорская газета „El Comercio“ звяртае ўвагу на іншы аспект візіту Пантыфіка, падкрэсліўшы, што “апошняя св. Імша Папы, якая вянчала яго паездку ў Паўднёвую Амерыку, была моцна адзначана культурай індзейцаў гуарані”.

Орган кубінскіх камуністаў „Granma“ у каментарах пасля падарожжа, адзначае, што Пантыфік здабыў у Парагваі яшчэ “большую сімпатыю і павагу” і нагадвае, што Куба, якая з’яўляецца мэтай яго вераснёўскага візіту, з’яўляецца наступнай краінай Лацінскай Амерыкі на шляху Францішка.








All the contents on this site are copyrighted ©.