2015-07-12 13:44:00

Францішак сустрэўся з парагвайскім духавенствам


Папа Францішак узначаліў 11 ліпеня 2015 г. у архікатэдры Унебаўзяцця Маці Божай у Асунсьён у Парагваі ўрачыстыя Нешпары з удзелам біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і прадстаўнікоў каталіцкіх рухаў. “Як гэта выдатна маліцца Нешпарамі разам. Як мы можам не марыць з Касцёлам, які адлюстроўвае і паўтарае гармонію голасу і спеву ў паўсядзённым жыцці?”, - сказаў падчас свайго разважання Пантыфік. І дадаў, што літургічная малітва, яе структура і рытм, “жадае быць выразам усяго Касцёла – Нявесты Хрыста, які хоча быць падобным на свайго Пана”. 

Францішак падкрэсліў, што духоўныя асобы, гэта тыя, хто змагаецца, каб абараніць годнасць кожнага чалавечага жыцця з моманту нараджэння да часу, калі гадоў усё больш, а сілы ўсё менш. “Малітва з’яўляецца адлюстраваннем любові, якую мы адчуваем да Бога, да іншых, да створанага свету. Запаведзь любові – гэта лепшы спосаб для вучня-місіянера стаць падобным да Езуса”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў духавенства і законнікаў актыўна ўключацца ў апостальскую працу ў грамадстве, асабліва вакол душпастырскіх планаў дыяцэзій і кантынентальных місій. Ён нагадаў, што кожны павінен мець свядомасць сваіх абмежаванняў. “Пакліканы Богам не выхваляцца, не дамагацца імгненнага прызнання або апладысментаў, не адчувае жадання да павышэння, і не адносіцца да іншых так, як быццам стаяў на больш высокім узроўні”, - сказаў Папа.

Пасля казання ўсе праспявалі гімн “Magnificat”, прагучала Малітва вернікаў, а ў канцы Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне і пад развітальную песню і апладысменты пакінуў катэдру, адкуль накіраваўся ў сваю часовую рэзідэнцыю ў мясцовай Апостальскай нунцыятуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.