2015-07-12 14:55:00

Папа наведаў “раён беднякоў” парагвайскай сталіцы


12 ліпеня 2015 г., у апошні дзень свайго тыднёвага падарожжа ў Паўднёвую Амерыку, папа Францішак наведаў жыхароў самага беднага раёна парагвайскай сталіцы Банада Нортэ, дзе ніхто не жыве па ўласным жаданні. “Я не мог будучы ў Парагваі не прыбыць сюды, не пабыць на вашай зямлі”, - прызнаўся Пантыфік падчас прамовы да беднякоў Асунсьён.

Папа спаслаўся на месца сустрэчы, парафію Святой Сям’і, і адзначыў, што сітуацыя парагвайскіх сем’яў, якія павінны праходзіць праз шматлікія цяжкасці, каб мець годнае жыццё і дах над галавой, нагадвае яму “маленькую сям’ю з Бэтлеема”. “Ваша барацьба не забрала вашай усмешкі, вашай радасці і вашай надзеі. Барацьба, якая не паменшыла вашага пачуцця салідарнасці, наадварот, стымулявала і павялічыла яго”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Менавіта ў Бэтлееме, звярнуў увагу Папа, праявілася салідарнасць самых бедных гэтага свету з Святой Сям’ёй. Да Юзафа, Марыі і Езуса, якія апынуліся адны ў складаных умовах чужой зямлі, прыйшлі людзі самыя простыя, пастухі, якія некалі самі павінны былі пакінуць свае дамы, каб знайсці лепшыя магчымасці для сваіх сем’яў. “Калі яны пачулі, што нарадзіўся Езус, пайшлі, каб убачыць Яго. Яны сталі бліжнімі, суседзямі. У адно імгненне, яны сталі сям’ёй Марыі і Юзафа. Сям’ёй Езуса”, - адзначыў Францішак і дадаў, што так адбываецца, калі “Езус прыходзіць у наша жыццё”. Менавіта вера ў Яго набліжае нас адно да аднаго, да жыцця іншых людзей, абуджае нашу прыхільнасць і салідарнасць. 

“Нараджэнне Езуса змяняе наша жыццё. Вера, якая не звязана з салідарнасцю –мёртвая вера. Гэта вера без Хрыста, вера без Бога, вера без братоў і сясцёр”, - сказаў Папа ў бедным раёне парагвайскай сталіцы і дадаў, што прыбыў сюды як евангельскія пастухі, каб быць блізка, дзякаваць, даць надзею. Ён пажадаў, каб вера ў Хрыста зрабіла кожнага здольным марыць пра будучыню, і працаваць дзеля яе. 

“Будзьце бліжнімі, перш за ўсё, для маладых і пажылых людзей. Будзьце падтрымкай маладым сем’ям і ўсім сем’ям, якія маюць цяжкасці”, - сказаў на заканчэнне спаткання ў Банада Норте Пантыфік.

Францішак удзяліў сваё благаслаўленне, пасля чаго накіраваўся ў санктуарый у Нью-Гуасу, каб узначаліць там нядзельную Эўхарыстыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.