2015-07-12 16:39:00

Пантыфік: ніхто не можа прымусіць нас не быць гасціннымі


Хрысціянскай гасціннасці прысвяціў сваю гамілію Святы Айцец 12 ліпеня 2015 г. падчас Эўхарыстыі ў парку Нью-Гуасу ля Асунсьён. На ёй сабраліся да 3 млн. вернікаў, сярод якіх 300 тыс. – гэта пілігрымы з роднай для Папы Аргентыны. Асобны сектар ля алтара быў зарэзерваваны для прадстаўнікоў карэнных народаў Парагвая. Вялікі папскі алтар быў падрыхтаваны мастакамі сумесна з жыхарамі навакольных вёсак і пабудаваны з 32 тыс. пачаткаў кукурузы, гарбузоў і 100 тыс. какосавых арэхаў, на якіх былі напісаны імёны вернікаў, адпраўленыя імі на спецыяльны акаунт у “Facebook”.

Цэнтральным словам хрысціянскай духоўнасці з’яўляецца “гасціннасць”, адзначыў Святы Айцец, спасылаючыся на Евангелле сённяшняй нядзелі (Мк 6, 7–13). Езус пасылае сваіх вучняў, даючы ім выразныя і дакладныя інструкцыі. Ён запрашае іх узяць на сябе ўвесь спектр адносін і спосабаў дзеяння, якія некаторым могуць здацца перабольшанымі або нават абсурднымі. Было б лягчэй інтэрпрэтаваць гэтыя адносіны сімвалічна ці “духоўна”. Але гэта не так, указанні Хрыста цалкам дакладныя і вельмі ясныя.

Езус кажа: “Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там”. Ён, як добры Настаўнік, пасылае іх “жыць гасціннасцю”. Хрыстус не адпраўляе іх, як людзей ўплыву, памешчыкаў, чыноўнікаў, але як звычайных падарожнікаў, якія павінны “вучыцца жыць па-іншаму, па іншых правілах”. “Гаворка ідзе аб пераходзе ад логікі эгаізму, канфлікту, падзелу і перавагі да логікі жыцця, бескарыслівасці і любові”.

У евангелізацыі не шмат дапамогуць планы і праграмы, стратэгіі і тактыкі, манеўры і метады. Чалавека можа пераканаць толькі тое, як мы яго прымаем. І Касцёл ведае, што такое гасціннасць, як вітаць і прыняць чалавека. “Як шмат добрага мы можам зрабіць, калі толькі спрабуем гаварыць на мове гасціннасці і ветлівасці! Колькі болю, колькі адчаю можа быць залечана ў месцы, дзе чалавек адчуе сябе прынятым!”, - заўважыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на від зла, якое часта ляжаць у аснове нашых грахоў, якое “знаходзіць месца ў нашых сэрцах” і павольна “раз’ядае наша жыццё” – гэта ізаляцыя. Яна “можа мець шмат каранёў, шмат прычын”. Яна “прымушае нас павярнуцца спіной да іншых, Бога, супольнасці”, “замкнуцца на сабе”. “Менавіта таму сапраўдная праца Касцёла, нашай Маці, не кіраваць работамі і праектамі, але вучыць жыць у братэрстве з іншымі”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што менавіта гэта “новы спосаб мыслення”, якому вучыць нас Езус.

Мы нікога не можам прымусіць да гасціннасці адносна нас, але ніхто не можа прымусіць нас не быць гасціннымі, не прызнаваць і не прымаць жыцця братоў і сясцёр, асабліва тых, хто страціў надзею і цікавасць да жыцця, падкрэсліў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі падчас св. Імшы ў парку Нью-Гуасу.








All the contents on this site are copyrighted ©.