Папа Францішак прыбыў 10 ліпеня 2015 г. перад 22.00 па беларускім часе ў Парагвай. Такім чынам Пантыфік пачаў апошні этап свайго 8-мі дзённага падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Раней ён наведаў Эквадор і Балівію. На міжнародным лётнішчы ў Асунсьён Святога Айца прывітаў падчас праліўнага дажджу, Прэзідэнт краіны Мануэл Картес Хара. Цырымонія прывітання была вельмі святочнай і мела амаль сямейны характар. Працягвалася больш за 40 хвілін.
Калі самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” прызямліўся на лётнішчы сталічнага горада Асунсьён, на яго борт увайшлі Апостальскі нунцый ў Парагвай, арцыбіскуп Антоніо Арыёцці і кіраўнік пратаколу мясцовага ўрада. Ля трапа Святога Айца вітаў кіраўнік дзяржавы, пасля чаго Папа і Прэзідэнт разам з суправаджаючымі асобамі, перайшлі ў сярэдзіну аэрапорта, дзе пачалася ўрачыстая цырымонія прывітання.
Спачатку хор дзяцей апранутых у белае адзенне спяваў гімны абедзвюх краін, пры чым парагвайскі быў спяваны ў мове гуарані, а ватыканскі па-іспанску. Затым іншы дзіцячы хор спяваў песні пра Езуса. Потым быў паказаны кароткі дакументальны фільм пра прыбыццё 16 мая 1988 г. у Парагвай св. Яна Паўла ІІ. Тады таксама ішоў дождж. Пасля праекцыі фільма Францішак паблагаславіў табліцу, якая прысвечана гэтаму візіту.
Далей на парадку дня была мастацкая пастаноўка, якая паказвала ў выглядзе танцаў нарыс гісторыі гэтай краіны. У інсцэнізацыі былі выкарыстаны як індыйскія матывы так і ўзятыя з іспанскай культуры, якія ўжо закараніліся ў мясцовай традыцыі.
Пасля мастацкай часткі, якая стала навізной ў параўнанні з ранейшымі этапамі цяперашняга падарожжа, Францішак і Прэзідэнт прывіталіся з прысутнымі ў аэрапорце біскупамі і членамі ўрада, пасля чаго Святы Айцец адправіўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Асунсьён, якая будзе яго рэзідэнцыяй падчас побыту ў гэтай краіне. Візіт Папы ў Парагвай працягнецца да нядзелі 12 ліпеня.
Ян Мойсік
All the contents on this site are copyrighted ©. |