2015-07-10 12:23:00

Святы Айцец перасцярог духавенства ад абыякавасці зэпінгу


“Праходзіць, змоўкні, смялей, уставай”, гэтыя словы з евангельскага ўрыўка пра Бартымэя (Мк 10, 46-52) сталі падставай прамовы папы Францішка да 4 тыс. балівійскіх святароў, законнікаў і семінарыстаў. 9 ліпеня 2015 г. вечарам Пантыфік сустрэўся з імі ў салезіянскай гімназіі ў Санта-Крус-дэ-ла-Сьера.

Спачатку Францішак засяродзіўся на слове “праходзіць” і нагадаў, што яно гучыць як рэха абыякавасці, калі праходзяць міма праблем іншых, мяркуючы, што яны нас не датычацца – гэта спакуса прызвычаіцца да людскога болю і несправядлівасці. Сюды ўпісваецца і слова “змоўкні”, якім некаторыя хрысціяне рэагуюць на праблемы людзей, загадваючы ім: не перашкаджай, не адцягвай маёй увагі. На думку Папы, такая пастава, гэта драма ізаляцыі сумлення людзей, якія думаюць, што жыццё Езуса толькі для тых, хто лічыць сябе падрыхтаванымі. Кажучы пра “смеласць”, Пантыфік адзначыў, што Езус, пачуўшы крык сляпога жабрака, выходзіць з ананімнасці натоўпу, каб усталяваць з ім асабісты кантакт, атаясамліваецца з ім, жадаючы ўдзельнічаць у жыцці гэтага чалавека, жадаючы падзяліць з ім долю, і, такім чынам, павольна аднавіць яго годнасць, якую той страціў. 

Папа падкрэсліў, што спачуванне – гэта не зэпінг; яно не азначае замоўчвання болю, наадварот – гэта правільная логіка любові. “Гэта логіка, якая арыентуецца не на страх, а на свабоду, якая нараджаецца ад любові і ставіць карысць іншага вышэй за ўсё астатняе. Гэта логіка, якая выцякае з адсутнасці страху пры набліжэнні да болю нашага народу”, - патлумачыў Францішак святарам і законнікам. Ён дадаў, што духоўныя асобы не з’яўляюцца прадстаўнікамі ідэалогіі, нейкага правіла, спосабу заняцця тэалогіяй, але сведкамі “вылячальнай і міласэрнай любові Езуса”.

Францішак заклікаў духавенства не паддавацца абыякавасці зэпінгу і заставацца сведкамі міласэрнасці. “Не таму, што мы ўнікальныя, не таму, што мы лепшыя, не таму, што мы функцыянеры Бога, але толькі таму, што мы з’яўляемся ўдзячнымі сведкамі міласэрнасці, якая нас перамяняе”, - сказаў ён.

“Мы не адны на гэтым шляху. Мы дапамагаем адзін аднаму прыкладам і малітвай”, - сказаў на заканчэнне Папа і прывёў прыклад святых і благаслаўлёных, якія з’яўляюцца для кожнага стымулам.

Сабраныя разам памаліліся “Ойча наш”, а затым Папа ўдзяліў сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.