2015-07-10 16:34:00

Пантыфік сустрэўся з маладымі зняволенымі


“Я не мог пакінуць Балівію, не пабачыўшы вас”, - прызнаўся Пантыфік 10 ліпеня 2015 г. падчас сустрэчы з юнымі падапечнымі Цэнтру перавыхавання ў балівійскім Санта-Крус. Святы Айцец спаслаўся на вопыт свайго ўласнага жыцця і сказаў: “Чалавек, які стаіць перад вамі – гэта той, хто перажыў прабачэнне. Чалавек, які быў і ёсць збаўлены са сваіх многіх грахоў”. “У мяне няма шмат чаго вам прапанаваць, але я хачу падзяліцца з вамі тым, што ў мяне ёсць, і тым, што я люблю – гэта Езус Хрыстус, міласэрнасць Айца”, - дадаў Пантыфік.

“Езус прыйшоў, каб паказаць любоў, якую Бог мае для нас. Для вас і для мяне. Гэта любоў, якая з’яўляецца магутнай і рэальнай. Гэта любоў, якая сур’ёзна ставіцца да долі тых, каго Ён любіць. Гэта любоў, якая ацаляе, даруе, падымае і клапоціцца. Гэта любоў, якая набліжаецца і аднаўляе годнасць, якую мы можам страціць розным чынам. Але Езус настойлівы ў гэтым: Ён аддаў сваё жыццё, каб аднавіць годнасць, страчаную намі”, - сказаў Францішак.

Тым, што можа падтрымаць гэтыя намаганні Хрыста, з’яўляецца наша малітва, як індывідуальная, так і супольная, адзначыў Святы Айцец. Менавіта яна здольная падтрымаць жыццё і надзею, дапамагае выдаліць адчай і рухацца наперад. “Калі Езус становіцца часткай нашага жыцця, мы больш не можам заставацца ў палоне мінулага”, мы пачынаем бачыць сябе і сваё жыццё ў іншым святле, сказаў Папа. Ён заклікаў маладых зняволеных, калі да іх прыходзіць час выпрабаванняў смуткам, дэпрэсіяй, негатыўнымі пачуццямі, паглядзець на ўкрыжаванага Хрыста, на Яго твар.

Пантыфік пажадаў маладым людзям, каб у перавыхаваўчым цэнтры яны не паддаваліся ўнутранай і знешняй канфрантацыі, эгаізму, але выкарысталі патэнцыял сапраўднага братэрства, дапамогі адзін аднаму. 

Святы Айцец падзякаваў адміністрацыі і супрацоўнікам Цэнтру за іх важную працу для працэсу рэінтэграцыі. Гэта вялікая адказнасць, падняць, а не здушыць, аднавіць, а не прынізіць годнасць, адзначыў ён. 

На заканчэнне прагучала супольная малітва Папы з супрацоўнікамі і падапечнымі Цэнтра.

Сёння Францішка яшчэ чакае сустрэча з балівійскім епіскапатам і пералёт у Парагвай, дзе ён спаткаецца з Прэзідэнтам краіны і прадстаўнікамі ўладаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.