2015-07-08 11:37:00

Папа ў Эквадоры: наша вера заўсёды рэвалюцыйная


“Наша вера заўсёды рэвалюцыйная”, сказаў Святы Айцец 7 ліпеня 2015 г. апоўдні паводле мясцовага часу падчас Эўхарыстыі ў інтэнцыі евангелізацыі народаў у “Парку двухсотгоддзя” у сталіцы Эквадора Кіта. Гэта быў першы пункт трэцяга дня яго лацінаамерыканскага падарожжа. Перад св. Імшой Францішак сустрэўся з мясцовым епіскапатам у Кангрэс-цэнтры. Там не была прадугледжана прамова Папы, сустрэча насіла характар братэрскай гутаркі.

Пад гукі песні „Papa Francisco, bienvenido” (Вітай, папа Францішак), Святы Айцец здзейсніў 15-хвіліны аб’езд 34 сектараў, у якіх сабраліся – па некаторых дадзеных – 900 тыс. вернікаў, не толькі з Эквадора, але і ў Калумбіі. Ён спыніўся ля пажылой жанчыны ў інваліднай калясцы, каб благаславіць яе. У Эўхарыстыі прыняў удзел Прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа са сваёй жонкай і сынам. На алтары быў змешчаны цудатворны абраз Маці Божай Балеснай, які спецыяльна па просьбе Пантыфіка прывезлі з калегіўма св. Габрыэля ў Кіта.

У гаміліі Францішак часта вяртаўся да тэксту сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”. Спасылаючыся на месца правядзення св. Імшы, ён нагадаў, што яно звязана з “двухсотгоддзем крыку аб незалежнасці Іспанскай Амерыкі”. Ён дадаў, што гэта быў крык, які нарадзіўся ад свядомасці прыгнёту і рабавання, залежнасці ад карысці тых, хто ажыццяўляе ўладу, адсутнасці свабоды. Францішак выказаў надзею, што гэты крык аб незалежнасці гучыць у абліччы евангелізацыі – якая палягае не на гучных словах ці складаных метадах, але “на радасці Евангелля”.

Папа нагадаў, што мы жывём у свеце, параненым войнамі і гвалтам, і перасцярог ад павярхоўнага мыслення, што падзелы і нянавісць адносяцца толькі да напружанасці паміж краінамі і сацыяльнымі групамі. На самой справе, падкрэсліў ён, гэта з’яўляецца праявай шырока распаўсюджанага індывідуалізму.

Францішак адзначыў, што евангелізацыя можа і павінна быць інструментам адзінства памкненняў, адчувальнасці, чаканняў і нават нейкіх утопій. Ён паказаў на неабходнасць барацьбы за інтэграцыю на ўсіх узроўнях, пазбягаючы эгаізму, спрыяючы камунікацыі і дыялогу і павышаючы супрацоўніцтва. Папа перасцярог ад “мірской духоўнасці”, якая палягае на бясплодным імкненні да ўлады, прэстыжу, задавальнення або эканамічнай бяспекі і з’яўляецца перашкодай на шляху да адзінства, правакуе войны паміж людзьмі.

Пантыфік нагадаў, што евангелізацыя не мае нічога супольнага з празелітызмам, які з’яўляецца толькі яе “карыкатурай”. На самой справе, яна палягае на “прыцягненні далёкіх сваім сведчаннем, пакорным падыходзе да тых, хто думае, што яны далёка ад Бога і Касцёла, да тых, хто баіцца або абыякавы”. Ён адзначыў, што місія Касцёла як “сакрамэнту збаўлення” спалучана з пакліканнем, уключыць усе народы зямнога шара і з неабходнасцю місійнай дзейнасці ўнутры і звонку. Паводле меркавання Пантыфіка, духоўнае жыццё евангелізатара палягае не на нейкім пабожным уздыме, а на асабістай сустрэчы з Езусам.

Францішак падкрэсліў, што адзінства, аб якім просіць Езус, гэта не аднастайнасць, але “гармонія множнасці”, велізарнае багацце разнастайнасці. Менавіта множнасць, на яго думку, ахоўвае нас ад спакусы прапаноў блізкіх да дыктатуры, ідэалогіі або сектанцтва.

Пасля заканчэння св. Імшы, з “Парку двухсотгоддзя” Папа накіраваўся на абед у Апостальскую нунцыятуру. Затым ён сустрэўся з прадстаўнікамі школ і ВНУ ў Папскім каталіцкім універсітэце Эквадора.








All the contents on this site are copyrighted ©.