2015-07-07 10:14:00

Папа: другі дзень у Эквадоры пачаўся з санктуарыя


У другі дзень сваёй пілігрымкі ў Эквадор, 6 ліпеня 2015 г., папа Францішак прыбыў у Гуаякіль, самы вялікі горад краіны. Сюды ён прыляцеў раніцай з Кіта і адразу з мясцовага аэрапорта адправіўся ў санктуарый Божай Міласэрнасці. Па дарозе Францішак праз адкрытае акно аўтамабіля вітаў людзей. Перад санктуарыем сабраліся сотні дзяцей, якія надзвычай радасна віталі прыбыццё Папы. Калі Святы Айцец увайшоў у храм, сабраныя там вернікі спявалі “Аллелюя” з араторыі “Месія” Гендэля. Пантыфік трымаў у руцэ букет белых кветак і паклаў іх на алтары, над якім змешчаны вялікі абраз Хрыста з надпісам на іспанскай “Езу, давяраю табе”. Побач з алтаром знаходзіцца таксама абраз св. Фаустыны Кавальскай.

Пасля кароткай асабістай малітвы Папа заклікаў вернікаў разам памаліцца “Вітай, Марыя”. Ён таксама папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі. На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне і падзякаваў сабраным за іх “хрысціянскае сведчанне”. На шляху да выхаду Папа благаславіў хворых – некаторыя з іх ляжалі на насілках.

З санктуарыя Пантыфік паехаў у парк “Samanes” у паўночнай частцы Гуаякіль, каб узначаліць там св. Імшу.








All the contents on this site are copyrighted ©.