2015-07-07 11:29:00

Пантыфік у Гуаякіль пра “грамадскі доўг” перад сям’ёй


Пра неабходнасць падтрымкі сем’яў і сапраўдны “грамадскі доўг” перад гэтым інстытутам гаварыў папа Францішак, які ўзначаліў 6 ліпеня 2015 г. Эўхарыстыю ў парку “Samanes” у эквадорскім Гуаякіль. Сям’я – гэта грамадскае багацце, якога не здольныя замяніць іншыя інстытуты, падкрэсліў Пантыфік у гэтым найбуйнейшым у Эквадоры горадзе і асноўным гандлёвым порце краіны.

У сваёй гаміліі, якая некалькі разоў перарывалася апладысментамі, Святы Айцец спаслаўся на Евангелле аб вяселлі ў Кане Галілейскай. Ён адзначыў, што яно паўтараецца “у кожным пакаленні, кожнай сям’і, у кожным і кожным з нас, тых, хто хоча, каб яго сэрца магло аперціся на любові трывай, плённай і радаснай”.

Ён нагадаў, што віно – знак радасці, любові, шчодрасці, і адзначыў, што ў шматлікіх выпадках адсутнасць гэтых рысаў можна заўважыць сёння ў падлеткаў і маладых людзей, адзінокіх і смутных жанчын, пажылых асоб. “Адсутнасць віна можа быць вынікам адсутнасці працы і прысутнасці хваробы, цяжкіх сітуацый, з якімі сутыкаюцца нашы сем’і”, - сказаў Папа і ўказаў на важнасць няспыннай малітвы, якая “выцягвае нас з сферы нашых трывог і дапамагае пераадолець тое, што прычыняе нам боль; яна падахвочвае нас ці нават змушае звярнуцца да нашых бліжніх, унікнуць у іх сітуацыю, “прымераць на сабе іх абутак”.

Францішак падкрэсліў неабходнасць “служэння”, што з’яўляецца крытэрыем сапраўднай любові, якой мы вучымся асабліва ў сям’і. Ён назваў сям’ю “бліжэйшым шпіталём, першай школай для дзяцей, неабходным пунктам спасылкі для моладзі, лепшым сховішчам для пажылых людзей”.

Святы Айцец спаслаўся на Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які пройдзе ў кастрычніку ў Рыме, і падкрэсліў, што яго мэтай з’яўляецца праўдзівы духоўны пошук і адшуканне канкрэтных рашэнняў для многіх складаных і важных выклікаў.

Узгадваючы незадаволенасць гасцей у Кане Галілейскай, калі лепшае віно – перамененае Езусам – прынеслі ў другую чаргу, Папа адначыў, што “лепшае віно надыходзіць для кожнага чалавека тады, калі ён бярэ на сябе рызыку любіць. Яно надыходзіць нягледзячы на тое, што ўсе дадзеныя і статыстыка кажуць інакш. Лепшае віно прыйдзе да тых, хто сёння бачыць, што ўсё развальваецца. Шэпчучы гэтыя словы, трэба ў іх верыць: лепшае віно яшчэ наперадзе – і паўтараць іх тым, хто страціў надзею і не адчувае любові”. Пантыфік падкрэсліў, што Бог заўсёды прыходзіць да “тых, каму не хапіла віна, якія павінны піць толькі бедствы”. 

Пасля заканчэння Эўхарыстыі Францішак накіраваўся ў езуіцкі калегіум “Javier”, дзе паабедаў з сваімі субратамі. Адтуль ён адправіўся ў аэрапорт, каб самалётам вярнуцца ў Кіта.








All the contents on this site are copyrighted ©.