2015-07-06 12:29:00

Святы Айцец у Эквадоры: прыбываю як сведка веры


“Я прыбываю як сведка Божай міласэрнасці і веры ў Езуса Хрыста”, - сказаў Святы Айцец 5 ліпеня 2015 г. падчас цырымоніі сустрэчы ў міжнародным аэрапорце ў сталіцы Эквадора Кіта. Францішак заклікаў эквадорцаў да здольнасці дзякаваць Богу за яго справы, бараніць слабых і простых, агарнуць апекай дзяцей і старых, давяраць маладым, цаніць высакароднасць свайго народа і ўнікальную прыгажосць сваёй Радзімы.

“Я дзякую Богу за тое, што дазволіў мне вярнуцца ў Лацінскую Амерыку і быць сёння тут з вамі на гэтай цудоўнай зямлі Эквадора. Я адчуваю радасць і падзяку, убачыўшы цёплы прыём – гэта яшчэ адзін доказ гасціннасці, якой адрозніваецца гэты высакародны народ”, - сказаў Пантыфік. Ён падзякаваў Прэзідэнту краіны за сардэчны прыём і пажадаў яму добрага выканання ўскладзеных на яго абавязкаў дзеля шчасце эквадорскага народа.

Францішак прызнаўся, што наведваў Эквадор неаднойчы. Ён заўсёды сустракаў тут веру, якая “стагоддзямі фарміравала тоеснасць гэтага народу і прынесла столькі добрых пладоў”. “Сёння мы таксама можам знайсці ў Евангеллі ключы, якія дазваляюць адказаць на бягучыя выклікі, цаніць адрозненні, развіваючы дыялог і ўдзел без выключэнняў, каб дасягненні ў галіне прагрэсу і развіцця, які назіраецца і ўмацоўваецца, забяспечылі лепшую будучыню для ўсіх, звяртаючы ўвагу на нашых самых слабых братоў і найбольш уразлівыя меншасці, якія з’яўляюцца доўгам, што да гэтага часу мае ўся Лацінская Амерыка”, - сказаў Папа і прызнаўся, што “з марамі і надзеяй” глядзіць на свой лацінаамерыканскі візіт. 

У Эквадоры знаходзіцца кропка, бліжэйшая да космасу, а гэта значыць, Сонца і Месяца – Чымбараса, звярнуў увагу Пантыфік. Мы, хрысціяне, дадаў ён, лічым Езуса Хрыста сонцам, а Касцёл месяцам. Месяц не мае ўласнага святла. Калі б Месяц хаваўся ад Сонца стаў бы цёмным. Калі Касцёл аддзяляецца або хаваецца ад Хрыста – становіцца цёмным, не дае сведчання. Францішак пажадаў, каб дні яго падарожжа ў Лацінскую Амерыку сталі сапраўдным узыходам Сонца – Езуса Хрыста.

На заканчэнне цырымоніі прывітання ў міжнародным аэрапорце Кіта двое дзяцей уручылі Святому Айцу кветкі. Папа таксама прывітаў прысутную на лётным полі моладзь і невялікім аўтамабілем “Fiat Idea” выехаў у бок Апостальскай нунцыятуры ў Кіта, якая стане яго рэзідэнцыяй на час знаходжання ў Эквадоры.








All the contents on this site are copyrighted ©.