2015-07-06 13:16:00

Мільён эквадорцаў віталі Францішка


Ужо ў пачатку апостальскага падарожжа ў Лацінскую Амерыку Францішка на вуліцах сталіцы Эквадора Кіта сустракалі з энтузіязмам масы людзей. Пасля прывітальнай цырымоніі ў міжнародным аэрапорце сталіцы Пантыфік праехаў звычайным аўтамабілем да цэнтра горада, дзе змяніў яго на папамабіль.

Паводле эквадорскіх СМІ ў нядзелю днём на вуліцах горада сабраліся каля мільёна чалавек, каб павітаць Папу, які паходзіць з Аргентыны. Многія кідалі кветкі ў адкрытую машыну з Францішкам, які ехаў у будынак Апостальскай нунцыятуры ў Кіта, яго часовай сядзібы падчас візіту ў Эквадоры. СМІ таксама адзначылі, што Святы Айцец упершыню падчас замежнай паездкі будзе афіцыйна карыстацца сваёй роднай іспанскай мовай.

6 ліпеня 2015 г. апоўдні паводле мясцовага часу перад санктуарыем Божай Міласэрнасці ў Гуаякіль, найбуйнейшым горадзе і галоўным гандлёвым порце Эквадору, Папа ўзначаліць св. Імшу. Як чакаецца, на яе прыбудзе каля 1,5 млн. вернікаў. Пасля Эўхарыстыі Францішак накіруецца на абед у езуіцкі калегіум “Javier”, а вечарам сустрэнецца з грамадскасцю горада Кіта.








All the contents on this site are copyrighted ©.