2015-07-05 13:46:00

Святы Пасад занепакоены дыскрымінацыяй хрысціян


Апостальская Сталіца занепакоена актамі нянавісці і неталерантнасці ў дачыненні да хрысціян у некаторых еўрапейскіх краінах. Пра гэта заявіў прадстаўнік Святога Пасаду на паседжанні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая 3 ліпеня 2015 г. завершыла свае працы ў Вене. Кс. Ежы Урбанчык выступаючы на форуме гэтай арганізацыі адзначыў, што рэлігійная свабода з’яўляецца фундаментальным правам чалавека і надзейнай гарантыяй чалавечай годнасці. Святар з жалем адзначыў, што ў некаторых еўрапейскіх краінах існуе тэндэнцыя да маргіналізацыі рэлігіі ў грамадскай дыскусіі. Веруючых людзей з-за іх рэлігійных перакананняў дыскрымінуецца ў прафесійнай дзейнасці, не паважаючы клаўзулы сумлення. “Новая “палітычная карэктнасць” ігнаруе выпадкі неталерантнасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да хрысціян нават у некаторых дэмакратычных краінах Еўропы”, - сказаў кс. Урбанчык. Ён указаў таксама на недаацэнку ўкладу рэлігійных арганізацый у грамадскім жыцці.

“Спробы зацямніць ролю рэлігіі ў грамадскім жыцці, - сказаў прадстаўнік Ватыкану пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, - гэта не толькі прыніжэнне чалавечай асобы, але і пагроза для сапраўднага міру. Правільнае разуменне рэлігійнай свабоды ўключае ў сябе, як на індывідуальным, так і калектыўным узроўнях, не толькі так званую “свабоду веравызнання”, але і свабоду дзейнічаць у адпаведнасці са сваім сумленнем і публічным выказваннем сваіх поглядаў “, - сказаў кс. Урбанчык выступаючы ў Вене.

На канец прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што Хельсінскі заключны акт гарантуе рэлігійным арганізацыям свабоду ў дабрачыннай, адукацыйнай і сацыяльнай дзейнасці.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.