2015-07-04 13:52:00

Будслаў развітаўся, каб зноў сустракаць


Апошнія два дні ў Будславе кіпела жыццё, жыццё хрысціянскае. Малітва, споведзь, сустрэчы з святарамі і ўдзел у св. Імшы – гэта неад’емная частка падарожжа. Таму на плошчы каля Нацыянальнага санкутарыя амаль няма свабоднага месца: тут размясціліся тысячы чалавек з усёй краіны, а таксама госці з-за мяжы. Св. Імшу для пілігрымаў напярэданні вечарам узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыязэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што сённяшні свет заклікае да камунікацыі, але адначасова людзі менш сустракаюцца, нават пазбягаюць асабістай сустрэчы.

Але існуе ў Беларусі месца сустрэчы чалавека з чалавекам і чалавека з Богам. Гэтым месцам з’яўляецца Будслаў, лічыць іерарх. “Мы прыходзім сюды, каб сёння, у XXI стагоддзі, маліцца і сустрэцца з той Маці, з якой сустрэліся нашы бацькі, якія прыняслі веру ў свае дамы і сем’і, і дзеля гэтага яны трывалі ў веры. І таму сёння важна прайсці гэту дарогу і перажыць гэту сустрэчу. А сустрэча – гэта дыялог, а дыялог – гэта малітва. І напэўна Маці Божая кожнаму з нас падскажа, як у сённяшнім свеце быць сапраўдным і адважным чалавекам, добрым хрысціянінам, які нясе ў свет Евангелле”, - сказаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Апоўначы – традыцыйна кульмінацыя ўрачыстасцяў. Працэсію са свечкамі і св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў, што Маці Божая Будслаўская падтрымлiвала вернікаў у гады пераследу Касцёла, i стаўся цуд, прыйшла свабода веравызнання. Але сёння ёсць іншыя выклікі – веры пагражае секулярызм. Людское мора пілігрымаў у Будславе – знак таго, што Касцёл у Беларусі жыве, умацоўваецца і расце.

Архіпастыр пажадаў шматлікім вернікам узрастаць і ў сваёй адданасці Богу. І таксама выказаў упэўненасць – пілігрымы ў Будслаў ішлі ў мінулым 400 гадоў і будуць ісці у будучым. “У наступным годзе таксама будуць пілігрымкі. 2016 г. у Каталіцкім Касцёле – гэта год надзеі. Канкрэтную праграму ўрачыстасцяў яшчэ будзем абмяркоўваць на Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, але пілігрымкі павінны адбыцца”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 

А 2015 г. у Каталіцкім Касцёле Беларусі праходзіць пад знакам кансэкраванага жыцця. Менавіта таму сёлета ў Будславе адбылася прэзентацыя манаскіх рухаў і супольнасцяў. Айцы-капуцыны распавядалі пра сябе незвычайна – песняй. А сёння раніцай яны дапамагалі пілігрымам прачнуцца – капучына ад капуцынаў за два дні святаў паспрабавалі амаль 2 тысячы чалавек, а гэта ні многа ні мала 400 літраў кавы, падлічыў айцец  Андрэй Жылевіч. “Патрэбна не толькі духоўная дапамога, але і фізічная. Вядома, што кава троху падымае ціск, таму дае магчымасць зноў і зной атрымоўваць духоўныя дары, духоўныя пачуцці, засведчыць іх і прыняць ад Маці Божай у хрысціянскай, каталіцкай супольнасці тут у Будславе”, - выказаў думку капуцын.

У Будслаў, па традыцыі, на свята з’язджаецца амаль увесь каталіцкі епіскапат Беларусі. Для біскупа Віцебкага Алега Буткевіча гэта месца асаблівае, у тым ліку па асабістых прычынах. 25 гадоў таму, калі пілігрымкі да Маці Божай толькі адраджаліся, будучы іерарх сам быў сярод тых першых пілігрымаў. І менавіта падарожжы да будслаўскай святыні дапамаглі яму пачаць свой святарскі шлях. Раніцай у суботу біскуп Алег узначаліў св. Імшу.

Сёлета, прыбыўшы ў галаве калоны пілігрымаў з Віцебскай дыяцэзіі, іерарх падзяліўся з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё сваімі назіраннямі – час ідзе, але і праз чвэрць стагоддзя пілігрымкі не старэюць, а наадварот. “Дэвіз урачыстасцяў сёлета – “Марыя – прытулак грэшных”. Кожны з нас не ёсць святы ў гэтым свеце, але нашым заданнем з’яўляецца, карыстаючыся Божай ласкай, атрымаць удзел у жыцці вечным, інакш кажучы, асягнуць святасць. І Марыя – гэта найпрасцейшы шлях, на якім мы можым дасягнуць дасканаласці. 25 год – гэта не малы перыяд часу, і я заўважаю, што пілігрымка ў Будслаў застаецца маладой. Гэта азначае, што моладзі не абыякава духоўнае жыццё. Моладзь адпраўляецца на пошук сапраўды духоўных праўдзівых каштоўнасцяў, якія яна знаходзіць на шляху да Маці Божай. І гэта сапраўды вялікая радасць, гэта надзея нашага народа і нашай краіны”, - адзначыў біскуп Віцебскі.

Св. Імшу з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту сёння ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі Нунцый у Беларусі. Тысячы чалавек далучыліся да эўхарыстычнай малітвы ў духоўным сэрцы Беларусі, каб занесці ў сваіх сэрцах заступніцтва Маці Божай да сваіх блізкіх і захаваць духоўны ўзнёслы настрой і моц на цэлы год. Будслаў сёння развітаўся, але каб хутка зноў сустракаць гасцей.

Ларыса Абрамчук, Будслаў.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.