2015-06-28 12:23:00

Пантыфік сустрэўся з праваслаўнай дэлегацыяй


Сумесны ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры з’яўляецца адным з маіх галоўных клопатаў, прызнаўся папа Францішак. Ён прыняў 27 чэрвеня 2015 г. дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Яе ўзначальвае Мітрапаліт Пергамскі, Іаан (Зізіўлас).

Папа спаслаўся на свой мінулагодні візіт у Стамбул і супольную малітву напярэдадні свята св. Андрэя аб як мага хутчэйшым аднаўленні бачнага адзінства Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. Ён падкрэсліў, што мэтай працэсу паяднання з’яўляецца магчымасць сумеснага ўдзелу ў Эўхарыстычнай Ахвяры. Пантыфік заахвоціў да частых сустрэч, абмену і супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі, так, каб паглыбляючы паразуменне і павагу, можна было пераадолець усе забабоны і непаразуменні, прымаючы ў праўдзе, але і ў брацкім духу яшчэ існуючыя цяжкасці.

Папа выказаў сваю падтрымку працы Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Ён падкрэсліў, што праблемы, якія могуць паўстаць у ходзе тэалагічнага дыялогу не павінна прыводзіць да знеахвочання і адмовы. “Паглыблены аналіз таго, як выяўляюцца ў жыцці і служэнні прынцыпы сінадальнасці і служэння таго, хто ўзначальвае, унясе істотны ўклад у прагрэс адносін паміж нашымі Цэрквамі”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве, і малітве многіх католікаў за падрыхтоўку да Усеправаслаўнага Сабору ў 2016 г. і папрасіў праваслаўную дэлегацыю маліцца за кастрычніцкае пасяджэнне Сінода Біскупаў, у якім прыме ўдзел таксама прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату.








All the contents on this site are copyrighted ©.