2015-06-27 13:28:00

У Беларусі – яшчэ адзін новы біскуп


Свята Касцёла, свята Радасці – менавіта так назвалі сённяшні дзень у мінскай катэдры. 27 чэрвеня 2015 г. тут адбылося біскупскае пасвячэнне. Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў салезіянін Аляксандр Яшэўскі. На ўрачыстую св. Імшу сабраліся вернікі, усе іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прадстаўнікі Праваслаўнай і Лютэранскай Цэркваў. 

Трэба сказаць, што каталіцкі епіскапат Беларусі за апошнія паўтара гады павялічыўся ў два разы, а тагога ўзлёту, магчыма, сёння не мае ніводная краіна ў свеце, выказаў здагадку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што менавіта каталіцкі Усход нашай краіны асабліва чакае свайго пастыра. Біскуп Аляксандр Яшэўскі скіраваны на служэнне менавіта ў магілёўскую частку архідыяцэзіі. “Усход краіны адрозніваецца ад Захаду, што тычыцца Каталіцкага Касцёлу. На Усходзе быў знішчаны моцна Касцёл у савецкія часы, а вядома, раней гістарычна гэта была самая вялікая ў свеце дыяцэзія – ад Каспійскага да Японскага мораў. Сёння сітуацыя іншая, але час патрабуе там біскупскага служэння. Біскуп Аляксандр Яшэўскі будзе маім дапаможным, поводле кананічнага права, ён выконвае тыя абавязкі, якія на яго ўскладае ардынарый. І гэта значыць, што ён будзе несці служэнне ва ўсёй архідыяцэзіі, але большая частка працы – менавіта ў Магілёўскай вобласці ”, - растлумачыў іерарх.

Галоўным кансэкратарам быў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Напачатку прагучаў гімн да Духа Святога, пасля чаго прысутныя пачулі намінацыйную булу – на лацінскай і беларускай мовах. У гаміліі ватыканскі іерарх падзякаваў папе Францішку за вялікую пашану да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго ўменне чытаць знакі часу. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нагадаў, што сёння самы вялікі вораг для веры – нават не грэх, грахі Бог даруе, а пустата. Таму што без веры ў чалавека застаецца пустата і пытанне, а дзеля чаго я жыву. Апостальскі нунцый адзначыў, што ў Год кансэкраванага жыцця, пад знакам якога праходзіць 2015 г., у калегію біскупаў увайшоў законнік, які належіць на знакамітац на ўвсеь свет кангрэгацыі салезіянаў. Арцыбіскуп Гуджэроцці параўнаў законнікаў і законніц з медыцынскамі братамі і сёстрамі, якія заўсёды побач з пацыентамі, калі галоўны Лекар заняты іншымі справамі. 

Настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч, у сваю чаргу, у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё прызнаўся, што ведае новага біскупа больш за 20 гадоў, а апошні вельмі інтэнсіўна супрацоўнічаў з ім у шматлікіх праектах. “Ведаю біскупа Аляксандра Яшэўскага як чалавека інтэлігентнага, адданага сваёй справе і добрага арганізатара. Прызначэнне яго біскупам і напраўленне ў Магілёў – гэта добры і правільны выбар. Уся наша салезіянская сям’я цешыцца, што папа Францішак мае такі вялікі давер да яе. Гэта для нас вельмі радасна. Таксама і вельмі шкада, што ў пэўным сэнсе мы страцім свайго брата”, - сказаў святар. 

Калі салезіянская супольнасць у нейкім сэнсе смуткуе, з радасцю чакаюць новага біскупа на новым месцы служэння – у Магілёўскім дэканаце. Тэрыторыя вялікая і сёння ахоплівае амаль 50 парафій. Вядома ж у кожнай з іх – свае пытанні, праблемы і радасці, і кожная сёння жадае бачыць свайго пастыра, адзначыў кс.з Юрый Быкаў, дэкан Магілёўскага дэканату і пробашч парафіі Унебаўзяцця Панны Марыіі і св. Станіслава ў Магілёве. “Ускладваем вяліку надзею на прызначанага біскупа Аляксандра Яшэўскага, які прыдзе служыць на тэррыторыю, якая, па сутнасці, з’яўляецца місійнай. Вельмі патрэбна духоўная дапамога, а таксама і гаспадарчая. Святары, якія працуюць тут, пракладаюць шмат сілаў для арганізацыі парафій. А калі біскуп будзе побач, шмат пытанняў будзе вырашацца хутка. І для тых вернікаў, якія жадаюць наблізіцца да Бога, прысутнасць біскупа побач будзе велікай радасцю і магчымасцю адчуць збліжэнне з Касцёлам”, - выказаў думку святар.

Падчас абраду ў мінскай архікатэдры біскупу Аляксандру Яшэўскаму былі ўручаны атрыбуты высокага сана – пярсцёнак, мітра і пастарал – адзнакі, якія сімвалізуюць пастырскую ўладу наступніка Апосталаў. 

Пакуль новы біскуп не поўнасцю валодае сітуацыяй у даручаным яму рэгіёне, але свае задачы акрэслівае адным простым словам. “У першую чаргу хацелася б быць пастырам, які сам набліжаецца да Бога і праз Духа Святога дапамагае іншым”, - сказаў іерарх.  

Біскупу Аляксандру Яшэўскаму 41 год, родам ён з Смаргоні. Павіншаваць біскупа прыйшлі таксама родныя, блізкія, духавенства з іншых гарадоў. “Калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё”, – гэты дэвіз узяў сабе біскуп, а разам з ім даў абязанне – быць сведкам Хрыста. На заканчэнне Імшы ён удзяліў прысутным благаслаўленне. А 5 ліпеня 2015 г. у магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбудзецца ўрачыстая св. Імша на распачацце служэння біскупа Аляксандра Яшэўскага ў Магілёўскай частцы архідыяцэзіі. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.