2015-06-27 12:07:00

Папа стварыў Сакратарыят па справах камунікацыі


Папа Францішак заснаваў новую ватыканскую структуру. Сакратарыят па справах камунікацыі – так яна будзе называцца – дапаможа “камунікацыйнай сістэме Святога Пасаду лепш рэагаваць на патрэбы місіі Касцёла”. Бягучы кантэкст камунікацыі, які характарызуецца наяўнасцю і развіццём лічбавых сродкаў масавай інфармацыі, фактарамі збліжэння і інтэрактыўнасці, патрабуе пераасэнсавання інфармацыйнай сістэмы Святога Пасаду, гаворыцца ў Апостальскім лісце ў форме “Motu Proprio”, апублікаваным 27 чэрвеня 2015 г. У ім адзначаецца, што ватыканская сістэма камунікацыі патрабуе “рашучага пераходу ў бок інтэграцыі і ўнітарнасці кіравання”.

Пантыфік адзначае, што стварэнне новага органу аднагалосна падтрымала Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Прэфектам Сакратарыяту прызначаны кс. Дарыа Вігано, дырэктар Ватыканскага тэлецэнтра; сакратаром – кс. Лусіа Руіс, кіраўнік Ватыканскай інтэрнэт-службы; генеральным дырэктарам – Паола Нусінэр, генеральны дырэктар газеты італьянскага епіскапату “Avvenire”; намеснікам гендырэктара – Джакама Гізані, кіраўнік аддзелу па міжнародных сувязях і прававых пытаннях Ватыканскага радыё.

Новая дыкастэрыя Рымскай курыі “аб’яднае”: Папскую раду па сродках масавай камунікацыі, Залу Друку Святога Пасаду, Ватыканскую інтэрнэт-службу, Ватыканскае радыё, Ватыканскі тэлевізійны цэнтр, газету “L’Osservatore Romano”; Ватыканскую тыпаграфію, Фота-службу, Ватыканскае выдавецтва. Гэтыя структуры, пачынаючы з даты публікацыі Апостальскага ліста, павінны працягваць сваю дзейнасць у адпаведнасці з указаннямі, дадзенымі Сакратарыятам па справах камунікацыі.

Новаствораная ўстанова, сумесна з Дзяржаўным сакратарыятам, возьме на сябе адказнасць за вэб-сайт Святога Пасаду (www.vatican.va) і твітэр-канал Папы (@pontifex).

Часовай штаб-кватэрай новага Сакратарыяту атане сядзіба Ватыканскана радыё на Пьяцца Піа, 3.








All the contents on this site are copyrighted ©.