2015-06-25 12:21:00

Ватыканскі кардынал: Папа не супраць свету бізнеса


Меркаванне, што энцыкліка Францішка “Laudato si’” уяўляе сабой атаку на бізнес і свабодны рынак, няправільнае, сказаў агенцтву “Zenit” кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады „Iustitia et Pax”. Менавіта яна падрыхтавала першы варыянт папскага дакумента. Іерарх адзначыў, што Святы Айцец не толькі не ставіцца варожа да бізнесу, але, наадварот, называе яго “высакародным пакліканнем” у мінулагоднам пасланні да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Выказваючы ўдзячнасць за іх таленты, Святы Айцец заклікаў ахвяраваць іх на службу бедным і агульнаму дабру. Ён разумее, аднак, што жаданне прыбытку прыводзіць да скажэнняў, і тады бізнес перастае быць “высакародным”.

На думку кардынала, у энцыкліцы Францішак звяртае ўвагу на сітуацыі, калі чалавек не выконвае свайго паклікання да супрацоўніцтва з Богам і працягу яго справы тварэння. Пантыфіка непакоіць дзелавы свет, які застаецца пад уплывам граху і чалавечых слабасцяў. Ён не хоча яго зневажаць, але заклікае чалавецтва зразумець гэта і адчуць адказнасць. І тут не дастаткова простых чалавечых дзеянняў, але існуе патрэба ў Божай ласцы, сказаў старшыня Папскай рады.

Кардынал таксама адзначыў, што “Laudato si’” можна назваць “энцыклікай калегіяльнасці”, бо Святы Айцец неаднаразова цытуе ў ёй мясцовыя епіскапаты – з Афрыкі, Індыі і Карэі. Яго вучэнне з’яўляецца супольным з біскупамі ва ўсім свеце, падкрэсліў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.