2015-06-24 13:34:00

Францішак адзначыў важнасць будысцка-каталіцкага дыялогу


На важнасць сустрэч і дыялогу паміж паслядоўнікамі розных рэлігій звярнуў увагу папа Францішак 24 чэрвеня 2015 г. раніцай, прымаючы ў Ватыкане ўдзельнікаў спаткання паміж будыстамі і католікамі з ЗША, арганізаванага рухам Факаляраў і Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу. 

“Дзякуй за гэты візіт, вельмі важны для мяне, візіт братэрства, дыялогу, а таксама сяброўства. І гэта добра і выдатна. У гэты гістарычны момант, настолькі паранены войнамі і нянавісцю, такія маленькія жэсты становяцца насеннем спакою і братэрства”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да ўдзельнікаў міжрэлігійнага спаткання.

Будысты і католікі са Злучаных Штатаў праводзяць на гэтым тыдні сустрэчу па міжрэлігійным дыялогу на тэму “Пакута, вызваленне і братэрства”. На пяцідзённым форуме, які пачаўся 23 чэрвеня ў штаб-кватэры Факаляраў у Кастэльгандольфа каля Рыму, сабраліся 46 будысцкіх і каталіцкіх удзельнікаў з Нью-Ёрка, Чыкага, Сан-Францыска, Лос-Анджэлеса і Вашынгтона.

На адкрыцці сустрэчы старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран сказаў, што такія форумы асабліва важныя ў сённяшнім свеце, дзе разнастайнасць разглядаецца як пагроза. Таму ўзрастае неабходнасць знакаў адкрытасці ў адносінах адзін да аднаго і імкнення да чалавечага братэрства. Ён, дадаў, што дыялог паміж будыстамі і католікамі з’яўляецца часткай агульнага пастаяннага імкнення зразумець таямніцу жыцця і ісціны.








All the contents on this site are copyrighted ©.