2015-06-23 13:05:00

Апублікаваны “Instrumentum Laboris” Сінода Біскупаў


Выклікі, пакліканне і місія сям’і – гэта кіруючыя прынцыпы Працоўнага дакумента (Instrumentum Laboris) Сінода Біскупаў, які адбудзецца ў кастрычніку ў Ватыкане. Ён быў апублікаваны 23 чэрвеня 2015 г. і стаў адлюстраваннем заключнага дакумента мінулагодняй пазачарговай біскупскай асамблеі (Relatio Synodi), да якога былі далучаны вынікі адказаў на анкету, разасланую Генеральным сакратарыятам у мясцовыя Касцёлы. Дакумент практычна мае тры часткі, прысвечаныя выклікам, якія стаяць перад сям’ёй, распазнаванню сямейнага паклікання і місіі сям’і сёння.

На першым этапе вылучаюцца “культурныя супярэчнасці” нашай эпохі, у якой часта гаворыцца, што “асабістая ідэнтычнасць і эмацыйная блізкасць павінны зацвердзіцца ў вымярэнні радыкальна аддзеленым ад біялагічнай разнастайнасці мужчынскага і жаночага” або існуе жаданне прызнаваць правы, уласцівыя сужэнству, за парамі, створанымі па-за залежнасцю ад сексуальнай разнастайнасці. Таму ў дакуменце гучыць заклік “лепш разабрацца ў чалавечых і культурных, а не толькі біялагічных адрозненнях паміж мужчынам і жанчынай”, таму што іх выдаленне “з’яўляецца праблемай, а не рашэннем”.
 
“Instrumentum” таксама звяртае ўвагу на “сацыяльныя супярэчнасці”, вядучыя да распаду сям’і: войны, міграцыю, беднасць, культуру выкарыстання і адчужэння, “неспрыяльную і неадназначную” эканамічную сітуацыю. Інстытут сям’і – “фундаментальны і неад’емны элемент грамадскага жыцця” – патрабуе “адпаведнай палітыкі”, якая будзе прымаць пад увагу яго “кампенсацыйныя дзеянні” адносна ўсеагульнага дабрабыту.

Сям’я разглядаецца ў якасці інструмента для ўключэння асабліва ўразлівых груп, такіх, як удовы, пажылыя асобы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, каб разам супрацьстаяць “бязлітасным формам стыгматызацыі і забабонаў”. Аўтары выступаюць з заклікам да канкрэтных душпастырскіх мер у адносінах сем’яу ў эміграцыі, асабліва таму, што там, дзе яны не сустракаюць “сапраўднай гасціннасці і павагі да сваіх правоў”, можа ўзнікаць “з’ява фундаменталізму”. Асабліва драматычная сітуацыя ўзнікае, калі міграцыя звязана з незаконнай дзейнасцю “міжнародных сетак гандлю людзьмі”. Дакумент таксама факусуе ўвагу на ролі жанчын і нагадвае горкія старонкі: эксплуатацыі, гвалту, абортаў, сурагатнага мацярынства, гандлю рэпрадуктыўнымі клеткамі.

У другой частцы Працоўны дакумент адназначна і цвёрда пацвярджае непарыўнасць сакрамэнтальнага сужэнства. Разам з тым, гучыць напамін аб тым, што Касцёл павінен “суправаджаць” сем’і ў моманты цяжкасцяў у імя міласэрнасці, не змяняючы праўды веры. “Instrumentum” вяртаецца да ідэй, якія прагучалі ў канчатковым дакуменце мінулагодняга Сіноду пра спрашчэнне працэдур прызнання несапраўднасці сужэнства. Гаворка ідзе аб тым, каб гэты адміністрацыйны працэс быў бясплатным і знаходзіўся пад адказнасцю дыяцэзіяльнага біскупа.

Дакумент заклікае адмовіцца ад “форм адчужэння, якія ў цяперашні час практыкуюцца ў літургічна-душпастырскай, адукацыйнай і дабрачыннай сферах” адносна разведзеных, што жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, і нагадвае, што яны не знаходзяцца па-за Касцёлам. Што тычыцца прыняцця св. Камуніі гэтымі вернікамі, “Instrumentum” падкрэслівае “узаемную згоду” адносна меркавання аб “шляху пакаяння” пад кіраўніцтвам біскупа. 

Нягледзячы на непрыхільнасць Касцёла аднаполым саюзам, дакумент пацвярджае, што “кожны чалавек, незалежна ад яго сексуальнай арыентацыі, павінен паважацца ў сваёй годнасці і быць прыняты з сардэчнасцю і далікатнасцю, у Касцёле і ў грамадстве”, што можа быць прыкметай душпастырскіх праектаў, якія адносяцца да гомасексуальных асоб і іх сем’яў.

У Працоўным дакуменце Сінода гаворыцца, што “адукацыя дзіцяці павінна быць заснавана на полавых адрозненнях, а таксама на пракрэацыі”, паколькі гэта з’яўляецца асновай “сужэнскай любові паміж мужчынам і жанчынай”. 

Дакумент завяршаецца спасылкай на Юбілейны Год Міласэрнасці, які пачнецца 8 снежня 2015 г., і ў святле якога будзе працаваць наступны Сінод Біскупаў, што пройдзе 4-25 кастрычніка 2015 г. на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.