2015-06-22 12:57:00

Візіт у Турын для Папы – вяртанне дадому


Вельмі асабістым стаў для Папы візіт у турынскі касцёл св. Тэрэзы, дзе ў 1907 г. адбыўся шлюб яго дзядулі і бабулі Джавані Берголіа і Розы Васала і дзе ў 1908 г. быў ахрышчаны яго бацька Марыа. За некалькі месяцаў перад Сінодам Біскупаў, Пантыфік жадаў такім чынам прадэманстраваць вялікае значэнне сям’і. У касцёле, дзе нарадзілася сям’я яго продкаў, Францішак маліўся за ўсе сужэнствы і за поспех прац кастрычніцкай асамблеі, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Папа вельмі шчаслівы і задаволены цёплым прыёмам у Турыне, які выйшаў далёка за рамкі яго чаканняў, паведаміла 22 чэрвеня 2015 г. Зала Друку. Кожная сустрэча была для яго вельмі важнай. Больш за тое, візіт у Турын стаў для Пантыфіка вяртаннем дадому. І раней, калі з Буэнас-Айрэса ён прыязджаў у Італію, кожны раз адпраўляўся сюды.

У сядзібе арцыбіскупа Турына 22 чэрвеня Папа сустрэўся з сваякамі: шасцю сваімі стрыечнымі братамі і іх сем’ямі. Яны прысутнічалі на св. Імшы, якую ўзначаліў Пантыфік, і паабедалі з ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.