2015-06-21 11:54:00

Пантыфік заклікаў да стварэння новай эканамічнай мадэлі


Сказаць радыкальнае “не” эканоміцы адчужэння, ідалапаклонству грошай, карупцыі, несправядлівасці і насіллю заклікаў папа Францішак падчас сустрэчы з “светам працы” – рабочымі, фермерамі і прадпрымальнікамі – у Турыне. Ён распачаў 21 чэрвеня 2015 г. свой двухдзённы візіт у гэты італьянскі горад, прымеркаваны да заканчэння дэманстрацыі Турынскай плашчаніцы. 

Папа заклікаў да развіцця эканамічнай мадэлі, якая будзе арганізавана не ў залежнасці ад капіталу і вытворчасці, але ад агульнага дабра. Ён моцна падкрэсліў, што маладыя людзі – гэта будучыня грамадства. На сустрэчы прысутнічалі некалькі тысяч чалавек; яна адбылася на Каралеўскай плошчы горада. “Праца патрэбна не толькі для эканомікі, але і для чалавека, для яго годнасці, яго грамадскага жыцця і сацыяльнай інтэграцыі”, - нагадаў Францішак. 

Пантыфік звярнуў увагу і на праблему вымушаных мігрантаў. “Іміграцыя павышае канкурэнцыйнасць, але не можна вінаваціць імігрантаў, паколькі яны з’яўляюцца ахвярамі несправядлівасці, гаспадаркі, якая адчужае, і войнаў”, - сказаў ён.

Святы Айцец адзначыў, што сучасны крызіс мае глабальны і комплексны характар, і тут не можна разлічваць толькі на нейкае “ажыўленне” эканомікі. Менавіта таму ён прапанаваў распрацаваць новую эканамічную мадэль, у падставе якой ляжыць агульнае дабро. Пантыфік заклікаў да моцнай абароны правоў жанчын, таму што яны нясуць цяжар па доглядзе за домам, дзецьмі і пажылымі людзьмі, і да гэтага часу падвяргаюцца дыскрымінацыі, у тым ліку і на працоўным месцы.

Папа выказаў спадзяванне, што Турын зноў, як некалі, стане галоўным героем новай эры эканамічнага і сацыяльнага развіцця, з яго традыцыйнай рамеснай вытворчасцю ў спалучэнні з навуковымі даследаваннямі і інавацыямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.