2015-06-20 12:11:00

Святы Пасад звярнуўся да мусульман


Хрысціяне і мусульмане павінны сумесна супрацьстаяць насіллю, якое здзяйсняецца ў імя рэлігіі, гаворыцца ў пасланні, з якім, як і кожны год, звярнулася да паслядоўнікаў ісламу ўсяго свету Папская рада па міжрэлігійным дыялогу. Як звычайна, нагодай стаў месяц Рамадан, які ў гэтым годзе пачаўся 18 чэрвеня і закончыцца ў свята ахвярапрынашэння “Ід аль-Фітр”. Дакумент быў абвешчаны 19 чэрвеня 2015 г.

У дакуменце адзначаецца, што радасць святаў для некаторых мусульман і членаў іншых рэлігійных супольнасцяў азмрочыла смерць блізкіх, якія страцілі свае жыцці ў выніку насілля. “Мы ўсе ведаем пра сур’ёзнасць гэтых злачынстваў. Але тое, што робіць іх яшчэ больш агіднымі, гэта спроба апраўдаць іх у імя рэлігіі”, - падкрэсліваецца ў дакуменце і тлумачыцца, што гэта відавочная прыкмета інструменталізацыя рэлігіі для атрымання ўлады і багацця.

І тут вялікая адказнасць ляжыць на тых, хто займаецца ў галіне выхавання і адукацыі, на сем’ях, школе, рэлігійных лідэрах і сродках масавай інфармацыі. Аўтары заклікаюць усіх, хто нясе адказнасць за выхаванне моладзі і працуе ў розных навучальных установах, навучаць аб “святым характары жыцця і вынікаючай з гэтага годнасці кожнага чалавека, незалежна ад яго этнічнай прыналежнасці, рэлігіі, культуры, сацыяльнага статусу ці палітычных перакананняў”. Няма жыцця больш ці менш каштоўнага, таму што ўсе належаць да пэўнай расы або рэлігіі, таму ніхто не мае права забіваць, а забойства ў імя Бога – двайное злачынства: супраць Бога і чалавека.

У канцы паслання Папская рада заклікае паслядоўнікаў хрысціянства і ісламу “маліцца за справядлівасць, мір і бяспеку ў свеце, за тых, хто збіўся з праўдзівага шляху жыцця і здзяйсняе насілле ў імя рэлігіі, каб вярнуліся да Бога і змянілі сваё жыццё”.

Святы Пасад адпраўляе пасланне да мусульман з нагоды Рамадана і свята “Ід аль-Фітр” з пачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Першапачаткова ад імя ўсяго Касцёла гэта рабіў Сакратарыят для нехрысціян, а пасля рэформы Рымскай курыі ў 1988 г. гэты дакумент адпраўляе Папская рада па міжрэлігійным дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.