2015-06-18 10:39:00

Першая пілігрымка ў Будслаў выйшла з Брэсту


18 чэрвеня 2015 года стартавала першая пілігрымка ў Будслаў. Група вернікаў выйшла з Брэсту, каб праз 16 дзён шляху, працягласцю 537 кіламетраў, дайсці да іконы Маці Божай Будслаўскай. Нагадаем, традыцыйная пілігрымка Пінскай дыяцэзіі сёлета выйшла не з Баранавічаў, як звычайна, а з Брэсту – упершыню за апошнія 10 год. Гэта прымеркавана да 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якое будуць адзначаць сёлета. Такім чынам пілігрымка Пінскай дыяцэзіі стала самай працяглай у Беларусі.

На першым прывале з яе кіраўніком кс. Паўлам Рудзьманам звязалася Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё: “Пілігрымка з Брэсту ў Будслаў зноў выйшла роўна праз 10 год перапынку. Нас 36 чалавек, а таксама чатыры святары, дзве законныя сястры і семінарыст – і гэта толькі пачатак, бо па дарозе будуць далучацца іншыя. Надвор’е спрыяе, бо няма дажджу і не вельмі горача, настрой таксама вельмі добры і спрыяльны. Адзінае, што нас здзівіла – гэта рэакцыя людзей у Брэсце, якія глядзелі на нас як на нейкі натоўп дзікіх людзей, калі мы ішлі па вуліцах абласнога цэнтру. Відаць, што людзі зусім не прызвычаеныя да такіх акцый”, - адзначыў святар.

Сёння пілігрымы, сярод якіх пераважна моладзь, пераадолеюць 36 кіламетраў і будуць начаваць у Жабінцы. Але гэта адлегласць – маленькая ў параўнанні з тым, што чакае пілігрымаў у далейшым – тры дні па 50 кіламетраў шляху. Асноўная маса пілігрымаў павінна далучыцца ў Баранавічах, тады пілігрымка ўзрасце да некалькіх соцень чалавек.
    
Сёлетнія марыйныя ўрачыстасці ў Будславе пройдуць 3-4 ліпеня. Дэвіз святаў – “Марыя — прытулак грэшных”, нагадаў кусташ нацыянальнага санктуарыя айцец Віктар Бурлака: “Адметнасць будзе ў тым, што ўпершыню прыйдзе пілігрымка з Ліды. Таксама акцэнтуем увагу на тым, што сёлета адзначаецца 25-годдзе аднаўлення пілігрымак у Будслаў. У 1990 г. першыя пілігрымкі сустракаў сённяшні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч”. Айцец Віктар адзначыў, што зменаў па размяшчэнні пілігрымаў, прапускным рэжыме і арганізацыйных момантах сёлета не плануецца. 

Дарэчы ў гэтым годзе з розных куткоў Беларусі у Будслаў прыйдуць 13 пешых пілігрымак, амаль усе яны стартуюць на наступным тыдні.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.