2015-06-18 14:05:00

Папа: той, хто лічыць, што ён моцны – наіўны


Хрысціянін павінен усведамляць, што без дапамогі Пана, не можа ісці па жыцці, сказаў Пантыфік 18 чэрвеня 2015 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён нагадаў, што ўмовай для добрай малітвы і душэўнага спакою з’яўляецца здольнасць даравання братам. Святы Айцец сканцэнтраваў сваю гамілію на трох словах: слабасць, малітва, прабачэнне. 

Ён падкрэсліў, што наша слабасць з’яўляецца следствам першароднага граху. Такім чынам, без Божай дапамогі мы не можам зрабіць ніводнага кроку. “Той, хто лічыць, што ён моцны, хто лічыць, што ён у стане справіцца ў адзіночку, па меншай меры наіўны і, у канчатковым рахунку, застаецца чалавекам, пераможаным шматлікімі слабасцямі, якія нясе ў сабе”, - звярнуў увагу Францішак. Ён адзначыў, што слабасць уплывае і на нашу веру, і калі мы гэта не ўсвядомім, пацерпім няўдачу.

Святы Айцец дадаў, што наша малітва не патрабуе занадта шмат слоў. Аб гэтым кажа Езус у сённяшнім Евангеллі (Мц 6,7-15), калі просіць, каб мы “не гаварылі шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць”. Ён нагадаў постаць маці Самуіла, што прасіла у Бога ласкі дзіцяці молячыся толькі варушачы вуснамі, а прысутны там святар, гледзячы на яе быў перакананы, што была п’яная. Менавіта так, як яна мы павінны маліцца перад Панам, бо Ён добры, і ведае ўсё пра нас і пра тое, што нам трэба, сказаў Францішак і заўважыў, што слова “Ойча” у адносінах да Бога мы можам прамовіць толькі праз сілу Святога Духа, з адкрытым сэрцам.

Папа падкрэсліў таксама важнасць ласкі прабачэння, бо Езус вучыць сваіх вучняў, што калі не будзем дараваць іншым людзям, таксама і Бог не даруе нам грахі. “Трэба быць моцнымі, каб дараваць, але гэта мужнасць з’яўляецца ласкай, якую мы атрымліваем ад Пана, таму што мы слабыя”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.