2015-06-17 14:23:00

У Ватыкане прадставяць працоўны дакумент Сінода


23 чэрвеня 2015 г. у Зале Друку Святога Пасаду будзе прадстаўлены працоўны дакумент (Instrumentum Laboris) кастрычніцкага Сінода Біскупаў на тэму сям’і, паведамілі 17 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане. У прэзентацыі возьмуць удзел: Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны рэлятар XIV Звычайнай асамблеі, кардынал Петэр Эрдо, і спецыяльны сакратар біскупскай асамблеі, арцыбіскуп Бруна Фортэ. Было абвешчана, што журналісты атрымаюць доступ толькі да тэксту дакумента на італьянскай мове.

XIV Звычайная генеральная асамблея Сінода Біскупаў збярэцца 4-25 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане і будзе прысвечана “Пакліканню і місіі сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.

Трэба нагадаць, што дэталёвы аналіз праекту “Instrumentum Laboris” і прапаноў па зменах метадалогіі працы кастрычніцкай біскупскай асамблеі быў прадметам абмеркавання Рады Сакратарыяту Сінода Біскупаў, якая збіралася 25 і 26 мая 2015 г. у Ватыкане. У спатканні прымаў удзел папа Францішак.

Працоўны дакумент (Instrumentum Laboris) быў распрацаваны на аснове справаздачы Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая прайшла ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане, а таксама на падставе адказаў на пытанні, заключаныя ў падрыхтоўчым дакуменце (Lineamenta), якія былі дасланы ў Генеральны сакратарыят асобнымі біскупскімі канферэнцыямі, іншымі касцёльнымі структурамі і вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.