2015-06-16 15:49:00

Францішак: хрысціянская беднасць – гэта не ідэалогія


Папа Францішак заклікаў не называць “камуністамі” тых святароў і біскупаў, якія кажуць аб беднасці. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 16 чэрвеня 2015 г. Пантыфік падкрэсліў, што без беднасці немагчыма зразумець паслання Хрыста. Яно з’яўляецца не ідэалогіяй, а таямніцай прыніжэння Збаўцы, заўважыў Святы Айцец. У сваёй гаміліі Папа пахіліўся над літургічным чытаннем аб зборы ахвяраванняў хрысціянскай супольнасцю Карынта на карысць супольнасці вернікаў у Ерузалеме. 

Часта можна пачуць: “Гэты святар шмат кажа аб беднасці, гэты біскуп шмат кажа аб беднасці, гэты хрысціянін, гэтая законніца кажуць аб беднасці”, - прывёў прыклад Папа і дадаў, што іх нават абвінавачваюць у камунізме. Гэта, аднак, няправільна, бо “беднасць – гэта цэнтр Евангелля”. “Калі выкрэслім беднасць з Евангелля, нічога не зразумеем з паслання Езуса”, - сказаў ён.

Згодна са словамі св. Паўла, сапраўдным багаццем карынцянаў былі “вера, слова, пазнанне, стараннасць, узаемная любоў”. Апостал народаў заклікаў: “калі вы багатыя, будзьце таксама шчодрымі ў гэтай ініцыятыве” – у “зборы ахвяраванняў”, заўважыў Папа. “Калі маеце шмат багацця ў сэрцы, а гэта багацце вельмі вялікае – стараннасць, любоў, слова Божае, пазнанне Бога – чыніце, каб яно даходзіла да кішэні. Гэта залатое правіла. Калі вера не трапляе ў кішэні, не з’яўляецца сапраўднай, - сказаў Францішак. 

Папа заўважыў, што існуе супрацьпастаўленне паміж багаццем і беднасцю. Касцёл у Ерузалеме быў бедным, у эканамічнай цяжкасці, але багаты, таму што меў скарб евангельскага абвяшчэння. “Гэты бедны Касцёл у Ерузалеме, узбагаціў Касцёл у Карынце евангельскім абвяшчэннем; даў яму багацце Евангелля”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, падобны ўзаемны абмен знаходзіцца ў фундаменце “тэалогіі беднасці”. “Езус Хрыстус з багатага, Якім быў – з багацця Божага – стаў бедным”, прынізіўся для нас. У гэтым сэнс першага благаслаўлення: “Шчаслівыя ўбогія духам”. “Быць бедным, значыць узбагачацца беднасцю Хрыста і не жадаць быць багатым іншымі багаццямі, якія не паходзяць ад Яго”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што хрысціянская беднасць заключаецца з дзяленні з беднымі не лішнім, а неабходным. Так бедны ўзбагачае ў адказ, бо ў ім прысутны сам Езус.

Напрыканцы сваё гаміліі Папа заўважыў, што тэалогія беднасці не з’яўляецца ідэалогіяй. Гэта таямніца Хрыста, які прынізіўся, стаў бедным, каб узбагачаць. Быць бедным духам, азначае ісці гэтым шляхам Езуса, заўважыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.