2015-06-16 15:06:00

Пантыфік абвесціць 298 энцыкліку ў гісторыі Касцёла


Энцыкліка папы Францішка „Laudato si’”, якая будзе абвешчана 18 чэрвеня 2015 г., стане 298 гэтага тыпу дакументам у гісторыі Каталіцкага Касцёла. Слова “энцыкліка” паходзіць з грэчаскай мовы і азначае “цыркулярны ліст”, які Папа, - як адказны за ўвесь Касцёл - дасылае Касцёлам, якія знаходзяцца ў зносінах з Біскупам Рыма, нагадала партугальскае агенцтва “Ecclesia”.

Самую вялікую колькасць энцыклік абвясціў Леў XIII (1878-1903) – цэлых 86 за 25 гадоў свайго пантыфікату. Для параўнання, св. Ян Павел II (1978-2005) за больш чым 26 гадоў выдаў толькі 14. Тым не менш, многія энцыклікі Льва XIII былі кароткімі тэкстамі і сёння іх назвалі б Апостальскімі лістамі або пасланнямі.

Назва энцыклікі паходзіць ад першых слоў яе афіцыйнай лацінскай версіі. Гэтыя дакументы адрасаваны вернікам Каталіцкага Касцёла, а іх змест у цэлым датычыць дактрыны або маральных праблем і імкнецца абудзіць пабожнасць. Калі яны закранаюць сацыяльныя пытанні, адрасуюцца не толькі католікам, але і ўсім людзям добрай волі – гэту практыку ўвёў у 1963 г. энцыклікай „Pacem in terris” св. Ян XXIII.

Энцыклікі паходзяць ад старажытнай практыкі дасылання лістоў аднымі біскупамі іншым, каб забяспечыць адзінства вучэння і жыцця Касцёла. Яе аднавіў Бэнэдыкт XIV (1740-1758), адпраўляючы “цыркулярныя лісты” да біскупаў на дактрынальныя, маральныя і дысцыплінарныя тэмы, якія тычыліся ўсяго Касцёла. Тым не менш, сам тэрмін “энцыкліка” увайшоў ва ўжытак падчас пантыфікату Грыгорыя XVI (1831-1846).








All the contents on this site are copyrighted ©.