2015-06-15 14:35:00

Францішак: ганебна, што людзі каштуюць менш за нафту і зброю


15 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі удзельнікаў пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO) – аб’яднання дабрачынных арганізацый, якія галоўным чынам дапамагаюць хрысціянскім супольнасцям усходняга абраду.

У мінулым годзе Пантыфік сустракаўся з членамі структуры напярэдадні свайго падарожжа ў Святую Зямлю і малітвы аб міры, разам з ізраільскім і палестынскім лідэрамі ў Ватыкане. “Мы ўсе жадалі, каб семя прымірэння прынесла больш плёнаў”, аднак нядаўнія падзеі на Блізкім Усходзе “далі адчуць холад зімы і льда ў сэрцах асобаў, чаму здаецца няма канца”, сказаў Папа. “Зямля гэтага рэгіёну ізбаразнена крокамі шукаючых прытулку і арошана крывёю многіх мужчын і жанчыны, сярод якіх шмат хрысціян, што падвяргаюцца пераследу з прычыны сваёй веры”, - дадаў ён.

Францішак спаслаўся на нядаўні візіт членаў аб’яднання ў Ірак, якія маглі прынесці людзям “позірк і благаслаўленне Пана”, а таксама адчуць, што “іхнімі вачыма, якія прасілі аб дапамозе і малілі аб міры і вяртанні ва ўласныя дамы, глядзеў сам Езус, просячы аб любові, якая робіць нас хрысціянамі”. Кожная ініцыятыва дапамогі гэтым людзям, на думку Святога Айца, павінна нараджацца з благаслаўлення Пана, якое сыходзіць калі “маем адвагу глядзець на рэальнасць”.

Святы Айцец адзначыў таксама, што на працягу апошняга часу “свет адчыніў вочы” і павялічылася колькасць ініцыятыў на карысць “бязвінных, несправядліва падвернутых насіллю”. У той жа час ён заклікаў асуджаць “маўклівыя пагадненні” згодна з якімі жыцці тысяч людзей каштуюць менш чым нафта і зброя, а абвяшчэнне міру і справядлівасці суправаджаецца талернатнасцю да дзейнасці гандляроў смерцю.

Напрыканцы аўдыенцыі Францішак заклікаў членаў Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам дзейнічаць таксама на карысць хрысціянскіх супольнасцяў ў Эфіопіі, Эрытрэі і Арменіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.