2015-06-15 12:38:00

Пантыфік: не прымаць ласку Бога дарэмна


Папа Францішак нагадаў пра важнасць захавання сэрцаў ад “шуму гэтага свету”, каб мець магчымасць у любы момант прыняць ласку Божую. З такімі словамі Святы Айцец звярнуўся да вернікаў падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў раніцай 15 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік пахіліўся над заклікам апостала Паўла: не прымаць “ласкі  Божай дарэмна” (2Кар 6,1). Францішак заўважыў, што кожны момант з’яўляецца “спрыяльным” для прыняцця бескарыслівага дару Божай ласкі. Аднак, хрысціянін павінен мець сэрца падрыхтаванае для гэтага – сэрца “свабоднае ад шуму гэтага свету”, які з’яўляецца “шумам д’ябла”. 

У іншым выпадку, на думку Святога Айца, існуе верагоднасць “дарэмнага” прыняцця ласкі. Ён паставіў у прыклад вернікаў, якія называюць сябе вучнямі Хрыста, наведваюць касцёл, але жывуць як язычнікі. “Колькі разоў мы чулі ў нашых кварталах, у крамах: “Глядзі, гэты ці гэтая, кожную нядзелю ходзяць на Імшу, а затым робяць тое, тое і тое...”, - прывёў прыклад Папа. Такое адмоўнае сведчанне, на яго думку, кажа аб тым, што вернік прымае ласку дарэмна.

Каб быць гатовымі ў любы момант прыняць ласку Божую, неабходна бараніць сэрца “аддаляючы яго ад шуму, што не паходзіць ад Пана”, ад рэчаў, якія пазбаўляюць спакою – жарсцяў, канфліктаў і мець пакорнае і лагоднае сэрца.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец нагадаў заклік апостала Паўла, бараніць сэрца заўсёды, нават “у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце”. Рабіць гэта неабходна “у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці...” і з сэрцам адкрытым на Бога, які праходзіць”, перакананы папа Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.