2015-06-14 13:43:00

Францішак: Бог асабліва любіць людзей простых і сціплых


Бог асабліва любіць людзей простых і сціплых, сказаў папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 14 чэрвеня 2015 г. на плошчы св. Пятра. Пантыфік заклікаў прысутных вернікаў кожны дзень чытаць урывак са Святога Пісання.“Сённяшняе Евангелле расказвае пра дзве вельмі кароткія прыпавесці: пра зерне, якое самое ўзыходзіць і расце, а таксама пра гарчычнае зерне (Мт 4,26-34). З дапамогай гэтых выяваў з сельскага свету, Езус паказвае эфектыўнасць Божага Слова і патрабаванні Яго Валадарста, паказваючы прычыны для нашай надзеі і нашай дзейнасці ў гісторыі.

У першай прыпавесці ўвага звернута на тое, што зерне, укінутае у зямлю, узыходзіць і расце самое, незалежна ад таго ці селянін спіць ці наглядае за ім. Ён мае давер ва ўнутраную сілу самога зерня і ў плённасць глебы. На мове Евангелля, зерне гэта сімвалам Слова Божага, пра плённасць якога расказвае гэта прыпавесць. Так як пакорнае зерне расце ў зямлі, таксама Слова Божае дзейнічае сілай Бога ў сэрцы таго, хто слухае. Бог даверыў Сваё Слова нашай зямлі, гэта значыць кожнаму з нас з нашай канкрэтнай чалавечнасцю. Мы можам быць упэўнены, таму што Слова Божае з'яўляецца творчым словам, якому наканавана станавіцца “поўным зернем у коласе” (Мт 4,28). Гэтае Слова, калі будзе прынята, прыносіць безумоўна свае плёны, таму што сам Бог дапамагае яму ўзыходзіць і расці  праз шляхі, якія не заўсёды мы можам праверыць і ў спосаб, якога мы не ведаем ( там 27). Усё гэта дае нам зразумець, што Бог заўсёды дапамагае расці свайму Валадарству, таму мы молімся “Прыйдзі Валадарства Тваё”. Чалавек  з'яўляецца Яго сціплым супрацоўнікам, які назірае і радуецца з прычыны творчай дзейнасці Бога і цярпліва чакае на яго плёны.  Слова Божае спрыяе ўзросту і дае жыццё. І тут жадаю вам прыпомніць пра важнасць мець пад рукою Святое Пісанне, Біблію, маленькае Евангелле ў чамадане ці ў кішэні і харчавацца кожнага дня гэтым жывым Словам Божым, чытаючы кожнага дня урывак з Евангелля, фрагмент Бібліі. Прашу вас, ніколі не забывайцеся пра гэта. Бо гэта сіла, якая спрыяе ўзыходжанню ў нас Божага Валадарства.

Другая прыпавесць выкарыстоўвае вобраз гарчычнага зерня. Нягледзячы на ​​тое, што было найменшым з усяго насення, яно поўнае жыцця і расце становячыся “большым за ўсялякую зеляніну ў садзе” (Мт 4,32). Такім з'яўляецца Божае Валадарства: рэальнасць па-чалавечаму невялікая і здавалася б нязначная. Каб увайсці да яго і стаць яго часткай трэба быць убогім у сэрцы; не давяраць уласным магчымасцям, але ў сілу Божай любові; не дзейнічаць так, каб быць важным у вачах свету, але каштоўным у вачах Бога, які асабліва любіць людзей простых і сціплых. Калі будзем так жыць, тады праз нас зыйдзе сіла Хрыста і пераменіць тое, што маленькае і сціплае ў рэальнасць, якая патрасае ўсёй масай света і гісторыі.

З гэтых двух прыпавесцей вынікае вельмі важнае навучанне: што Божае Валадарства патрабуе нашага супрацоўніцтва, але перш за ўсё, з'яўляецца  ініцыятывай і дарам Пана. Наша слабая праца, мабыць невялікая перад абліччам складанасці праблемаў свету, калі далучыцца да Божай працы, тады не баіцца цяжкасцяў. Перамога Пана ўпэўнена:  Яго любоў паспрыяе ўзыходу і росту кожнаму добраму зерню на зямлі. Гэта адкрывае нас на давер і надзею, нягледзячы на ​​трагедыі несправядлівасці і пакут, з якімі мы сустракаемся. Зерне дабра і супакою ўзыходзіць і расце, таму што яно спее дзякуючы міласэрнай любові Бога.

Няхай Найсвяцейшая Багародзіца, якая прыняла як “плённую зямлю“ зерне Слова Божага, падтрымлівае нас у гэтай надзеі, якая ніколі не расчароўвае”.

На заканчэнне марыйнай малітвы Святы Айцец пажадаў усім добрай нядзелі і чарговы раз папрасіў малітваў у сваёй інтэнцыі.

Ян Мойсік

 








All the contents on this site are copyrighted ©.