2015-06-13 15:31:00

Пантыфік да святароў: не бойцеся пяшчоты Бога


Не баяцца Божай пяшчоты заклікаў папа Францішак святароў. “Менавіта таму што баімся пяшчоты Пана, мы не дазваляем Яму дакрануцца да нас. Як вынік: нярэдка бываем лютымі і бязлістаснымі карацелямі. Мы становімся пастырамі, пазбаўленымі пяшчотнай любові”, - сказаў Святы Айцец звяртаючыся да ўдзельнікаў ІІІ Сусветных рэкалекцый для святароў 12 чэрвеня 2015 г. у базыліцы св. Яна на Латэране. 

Падчас Эўхарыстыі Францішак нагадаў, што пастыры, клапоцячыся аб сваіх парафіянах, ніколі не павінны забываць прыпавесць Езуса аб згубленай авечцы: Хрыстус заўсёды выходзіць насустрач тым, хто жыве ў адзіноце, хто страціў шлях і згубіўся ў жыцці. Таму пяшчота і ласка Найсвяцейшага Сэрца Езуса павінна заўсёды быць прыкладам для пастыраў, пакліканых клапаціцца аб давераных ім людзях, сказаў Папа.

Перад літургіяй, Святы Айцец доўга размаўляў з прэзбітэрамі на розныя тэмы. Сярод іншага, ён распавёў якой бачыць гамілію. Яна не павінна быць падобнай на канферэнцыю або катэхетычную лекцыю, бо з’яўляецца “сакрамэнталіяй”.  Гамілія павінна быць кароткай і “кранаць сэрца”. Паводле Папы гэта можа быць “ідэя, слова, вобраз і пачуцце”. “Не пужайце верны народ Божы, не прымушайце яго ўцякаць, не губляйце час. Кажыце ім пра Езуса, аб радасці веры ўкаранёнай у Езусе”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак таксама прызнаўся, што яму больна чуць, калі парафіяльны святар не ўдзяляе хросту нованароджанаму дзіцяці, таму што гэта дзіця самотнай маці ці бацькі, які ажаніўся паўторна. Калі так здараецца, святар становіцца бюракратам, а Касцёл, з маці пераўтвараецца ў мачаху, лічыць Папа. “Не павінна быць Касцёла без міласэрнасці”, - дадаў ён. 








All the contents on this site are copyrighted ©.