2015-06-12 12:39:00

Папа звярнуўся да капеланаў грамадзянскай авіяцыі


12 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Сусветнага кангрэсу капеланаў грамадзянскай авіяцыі. У форуме, арганізаваным Папскай радай пастырства мігрантаў і падарожнікаў, прымалі удзел 90 святароў з 23 краін свету. Яны разважалі над зместам апостальскай адгартацыі Пантыфіка “Evangelii gaudium” у кантэксце душпастырства пасажыраў і працаўнікоў сферы грамадзянскай авіяцыі.

Звяртаючыся да сабраных Папа нагадаў, што капеланы пакліканы працаваць сярод вялікай колькасці людзей, якія сустракаюцца ў аэрапортах: персаналу, турыстаў, падарожнікаў, людзей розных узростаў, а таксама пасажыраў без дакументаў – часта мігрантаў ці патрабуючых прытулку – зняволеных тут на кароткія і доўгія перыяды, “часам без належнага чалавечага і духоўнага клопату”. Праца капеланаў патрэбна таксама пры трагічных сітуацыях – катастрофах або зменах маршрутаў, якія могуць мець сур’ёзныя наступствы для здароўя і псіхічнага стану асобаў. 

“Таксама і ў аэрапортах Хрыстус Добры Пастыр хоча клапаціцца аб сваіх авечках праз сакрамэнты прымірэння і Эўхарыстыі, у якіх сустрэча з бясконцай міласэрнасцю Бога адкрывае неспадзяваныя шляхі евангелізацыі. Сапраўды, абвяшчэнне Евангелля ў нашы дні, патрабуе ўзняцця асобаў з пад ярма, якое абцяжарвае сэрцы і жыцці; азначае прапаноўваць словы Езуса, як альтэрнатыву абяцанням свету, што не даюць сапраўднага шчасця”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў капеланаў будаваць адзінства паміж прадстаўнікамі розных рэлігій і народаў, якія сустракаюцца ў аэрапортах. “Заклікаю вас дзейнічаць, каб у гэтых асаблівых, “памежных” месцах, якімі з’яўляюцца аэрапорты, былі прасторы, дзе можна сустрэць любоў і дыялог, якія умацоўваюць братэрства паміж асобамі і захоўваюць атмасферу грамадскага спакою”, - пажадаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.