2015-06-11 12:15:00

Папа пра прыярытэты працы Касцёла ў Латвіі і Эстоніі


11 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў рамках візіту “ad limina Apostolorum” епіскапаты Латвіі і Эстоніі, краін якія “пасля доўгага прыгнёту рэжымамі, заснаванымі на супрацьлеглых годнасці і свабодзе чалавека ідэалогіях”, сёння пакліканы “лічыцца з іншымі небяспечнымі падводнымі камянямі, якімі з’яўляюцца секулярызм і рэлятывізм”. 

Перад абліччам новых выклікаў Святы Айцец заклікаў біскупаў абвяшчаць Евангелле, абапіраючыся на падтрымку святароў, удзяляючы ўвагу іх тэалагічнай і касцёльнай падрыхтоўцы, а таксама дапамагаючы ў чалавечым сталенні, угрунтаваным на моцнай духоўнасці. 

Францішак нагадаў пра важнае значэнне кансэкраваных асобаў, якія “цэняцца не толькі за служэнне, якое здзейсняюць, але перш за ўсё за багацце ўласцівае іх харызматам і сведчаннямі, за сам факт таго, што існуюць, пашыраючы сярод народу Божага водар Хрыста, за якім ідуць шляхам евангельскіх парадаў”. 

Папа нагадаў пра патрэбу ў фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва ў сферы каталіцкага сацыяльнага навучання. “Дзякую Богу, вы можаце разлічваць на адказнасць многіх здольных католікаў у розных сферай касцёльнай дзейнасці”, - сказаў Пантыфік. 

Актуальным выклікам з’яўляецца сям’я. Сужэнства многімі разглядаецца, як пэўная форма эмацыйнага задавальнення, якое можа будавацца і змяняцца ў залежнасці ад чуллівасці кожнага. Такое абмежаванае разуменне ўплывае на ментальнасць хрысціян, якія з большай лёгкасцю прымаюць рашэнне аб разводзе ці фактычным расставанні. 

Пастыры, перад абліччам гэтага выкліку, павінны паразважаць аб падрыхтоўцы моладзі да сужэнства, дапамозе асобам, якія перажываюць падобныя сітуацыі, “каб дзеці не станавіліся іх першымі ахвярамі, а сужонкі не адчувалі сябе пазбаўленымі міласэрнасці Бога і клопату Касцёла, але атрымлівалі дапамогу на шляху веры і хрысціянскага выхавання дзяцей”. Папа заклікаў таксама мець асаблівую ўвагу да сем’яў, у якіх прысутнічае толькі адзін з бацькоў, часта па прычыне працоўнай эміграцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.