2015-06-10 19:04:00

Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Расіі


Вечарам 10 чэрвеня 2015 г. у Ватыкан прыбыў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Прэфект Папскага дому арцыбіскуп Георг Генсвайн сустрэў палітыка ў двары Апостальскага палацу і правадзіў на сустрэчу з папам Францішкам. Яна працягвалася каля 50 хвілін. Як і чакалася, размова была прысвечана двум цэнтральным тэмам: канфліктам ва Украіне і на Блізкім Усходзе. 

Святы Айцец заўважыў, што неабходна прыкласці шчырыя і значныя намаганні для дасягнення міру ва Украіне і нагадаў аб важнасці аднаўлення атмасферы дыялогу і выканання ўсімі бакамі абавязацельстваў Мінскіх пагадненняў. Неабходным таксама з’яўляецца вырашэнне складанай гуманітарнай сітуацыі, забяспечваючы, між іншым, доступ да гуманітарных місій пры садзейнічанні ўсіх бакоў, з мэтай паступовай разрадкі сітуацыі ў рэгіёне.

Адносна канфліктаў на Блізкім Усходзе, у прыватнасці, у Сірыі і Іраку, папа Францішак і Уладзімір Пуцін пацвердзілі неабходнасць прыняцця тэрміновых мер для дасягнення міру, пры ўдзеле ўсёй міжнароднай супольнасці, і забеспячэння неабходных умоваў жыцця для ўсіх кампанентаў грамадства, уключаючы рэлігійныя меншасці, у прыватнасці хрысціян.

У якасці падарунку Прэзідэнт Расіі ўрычыў Святому Айцу вышытую выяву храма Хрыста Збаўцы ў Маскве, а Папа – медальён з выявай Анёла супакою і асобнік апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”.

У той час як Францішак сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі правёў сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.








All the contents on this site are copyrighted ©.