2015-06-10 15:00:00

Ватыкан і ЗША пачалі супрацоўнічаць у падатковай сферы


Апостальская Сталіца і Злучаныя Штаты Амерыкі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў падатковай сферы. Яно паспрыяе барацьбе з ухіленнем ад выплаты падаткаў і спросціць выкананне падатковых абавязкаў грамадзянамі ЗША, якія здзейсняюць фінансавыя аперацыі ў Дзяржаве Ватыкан. Гаворка ідзе пра першую ў гісторыі фармальную міжурадавую дамову паміж бакамі.

Падпісанне пагаднення прайшло ў Ватыкане 10 чэрвеня 2015 г. Ад імя Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан гэта зрабіў сакратар па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер, а ад імя Злучаных Штатаў – пасол гэтай краіны пры Апостальскай Сталіцы, Кенэт Хакет. 

“Гарантаванне выплаты падаткаў і барацьба з ухіленнем ад выплаты падаткаў  маюць фундаментальную важнасць для кожнай супольнасці, паколькі падатковыя ўнёскі і адэктватныя дзяржаўныя выдаткі незаменны для таго, каб урады станавіліся прыладамі развіцця і салідарнасці, садзейнічалі росту занятасці, падтрымлівалі камерцыйную і карытатыўную дзейнасць і забяспечвалі сістэмы сацыяльнага страхавання і дапамогі, накіраваныя на абарону самых слабых у грамадстве”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Абмен падатковай інфармацыяй асабліва неабходны ў кантэксце глабалізаванай эканомікі. Пагадненне паміж Святым Пасадам і ЗША грунтуецца на самых сучасных міжнародных стандартах у галіне барацьбы з афшорнай дзейнасцю праз аўтаматычны абмен падатковай інфармацыяй, адзначаецца ў камюніке.








All the contents on this site are copyrighted ©.