2015-06-09 15:21:00

Святы Пасад нагадаў пра важнасць свабоды веравызнання


9 чэрвеня 2015 г. па ініцыятыве Пастаяннай місіі Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы ў Страсбургу адбылася сустрэча на тэму рэлігійнага вымярэння ў міжкультурным дыялогу пры будаванні інклюзіўнага грамадства. Спецыяльны зварот да ўдзельнікаў форума скіраваў сактарар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер. Іерарх перакананы, што інклюзіўнае грамадства павінна будавацца на аснове рэлігійнай свабоды, як фундаментальнага права.

Адной з актуальных праблем для міжнароднай супольнасці з’яўляецца барацьба з радыкалізмам і фундаменталізмам. На думку арцыбіскупа Галахера яна павінна здзейсняцца з увагай да вытокаў гэтых феноменаў. Адным з накірункаў павінна быць пераадоленне неадукаванасці ў рэлігійнай сферы. Неабходна змагацца за аўтэнтычную інтэрпрытацыю рэлігій, сказаў ён у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. 

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра важнасць здаровага разумення дзяржавамі сваёй свецкасці, якая не павінна перашкаджаць свабоднаму развіццю рэлігійных супольнасцяў і дыялогу паміж імі. “У такім сэнсе свецкая дзяржава можа мець каштоўнасць і вельмі важную ролю”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер узгадаў таксама пра візіт папы Францішка ў Сараева – горад-сімвал суіснавання розных рэлігій і народаў. “Відавочна, што ён хацеў заахвоціць гэтыя розныя супольнасці адметных культур, рэлігій, супрацоўнічаць разам для стварэння адзінай краіны і грамадства”, - нагадаў ватыканскі іерарх. 

Дыскусія арганізаваная Апостальскай Сталіцай пры Савеце Еўропы прайшла ў якасці этапу падрыхтоўкі да канферэнцыі аб месце рэлігіі ў міжкультурным дыялогу, якая адбудзецца ў Сараеве 8-9 верасня 2015 г.  








All the contents on this site are copyrighted ©.