2015-06-09 13:31:00

Пантыфік: сведчанне – “мова” хрысціянскай тоеснасці


Бараніць хрысціянскую тоеснасць, дазваляючы Святому Духу весці сябе па жыцці, заклікаў папа Францішак 9 чэрвеня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец распавёў пра некаторыя аспекты хрысціянскай ідэнтычнасці і пагрозы, з якімі яна можа сустрэцца. 

У першую чаргу Пантыфік заўважыў, што хрысціянская тоеснасць – гэта вынік доўгага шляху, якім Бог вёў чалавецтва па гісторыі да спаслання свайго Сына. Таксама і мы павінны прайсці ў сваім жыцці доўгі шлях ад двухсэнсоўнасці да сапраўднай моцнай ідэнтычнасці, лічыць Папа.

“Сапраўды, ёсць грэх, і грэх прымушае нас падаць, але мы маем сілу Пана, каб узняцца і ісці не губляючы тоеснасці. Я б сказаў таксама, што грэх – гэта частка нашай ідэнтычнасці: мы грэшнікі, але грэшнікі з верай ў Езуса Хрыста”, сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што вера хрысціян з’яўляецца не верай пазнання, але таксама і Божым дарам. Менавіта Бог умацоўвае ў Хрысце. Ён удзяляе намашчэнне, пазначае сваёй пячаткай і дае задатак Духа ў сэрцы. “Гэта Бог адарае нас дарам тоеснасці”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, фундаментальна важна быць вернымі гэтаму дару і дазваляць Святому Духу весці сябе па жыцці. Хрысціяне – наследуюць не пэўную філасофію, а “мовай” іх тоеснасці з’яўляецца сведчанне. 

Гаворачы пра пагрозы для ідэнтычнасці вучняў Хрыста Папа вылучыў дзве: першая – гэта пераход ад сведчання да ідэй, калі людзі прадстаўляюць хрысціянства ў якасці цудоўнай філасофіі, жывуць яго “аблегчаным” варыянтам, нападабенства гностыкаў ці пастаянна шукаюць кур’ёзных навінаў. Такая тоеснасць з’ўляецца спакусай для свету.

Іншы шлях да згубы сапраўднай хрысціянскай ідэнтычнасці – гэта марнасць, прывязанасць да гэтага свету і пашырэнне ўласнага сумлення да такой ступені, што ў яго можа ўмясціцца ўсё. Такім чынам соль губляе свой смак. Хрысціяне, якія прывязваюцца да часовых рэчаў, не здольныя даваць сведчання аб Езусе Хрысце. Яны паступова аслабляюць і губляюць сваю тоеснасць, перакананы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.