2015-06-07 09:29:00

Францішак: міжрэлігійны дыялог – умова для міру


Адной з галоўных падзей падарожжа папы Францішка ў Боснію і Герцагавіну стаў яго ўдзел у экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла 6 чэрвеня 2015 г. у Міжнародным студэнцкім францішканскім цэнтры ў Сараеве. У спатканні бралі ўдзел мясцовыя мусульманскія, юдэйскія і праваслаўныя лідэры.

Звяртаючыся да сабраных, Пантыфік заўважыў, што плёнам жадання супрацоўніцтва паміж рэлігіямі стала стварэнне ў 1997 г. Рады па міжрэлігійным дыялогу, у якую ўваходзяць прадстаўнікі веравызнанняў прысутных у краіне. Невыпадкова, што гэта структура ўзнікла пасля заканчэння грамадзянскай вайны, як адказ на патрэбу ў прымірэнні і перад абліччам неабходнасці ў абнаўленні грамадства, падзеленага канфліктам, сказаў Папа. Міжрэлігійны дыялог з’яўляецца неад’емнай умовай для міру і таму – абавязкам кожнага верніка, падкрэсліў ён.

Гэты дыялог, паводле Святога Айца, не абмяжоўваецца абмеркаваннем пытанняў веры, але таксама тычыцца штодзённага жыцця грамадства. Праз яго людзі вучацца прымаць адно аднаго з адметнасцямі і будаваць грамадства заснаванае на салідарнасці і ўзаемнай павазе. Важна, каб міжрэлігійны дыялог не абмяжоўваўся толькі кіраўнікамі рэлігійных супольнасцяў, але здзейсняўся усімі вернікамі, асабліва моладзю, ахопліваючы розныя сферы грамадскага жыцця. Дыялог, каб быць сапраўдным і эфектыўным, прадугледжвае таксама сфармаваную ідэнтычнасць, ён павінен выражаць тоеснасць усіх яго ўдзельнікаў, інакш стане бескарысным і шкодным.

Напрыканцы прамовы Папа вярнуўся да вобразу Сараева: з аднаго боку гэты горад з’яўляецца сімвалам разбурэнняў; але з іншага – дэманструе намаганні здзейсненыя рознымі народамі, культурамі і рэлігіямі, каб стаць знакам адзінства; ён з’яўляецца пасланнем для свету, падзеленага канфліктамі, аб тым што магчыма жыць у адментасцях і ў еднасці, разам будуючы мір і братэрства. На заканчэнне сустрэчы Папа прачытаў малітву аб спакоі ў свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.